Ход работ нездавальняючы

Экономика

У ліпені ў раёне павінны быць уведзены ў строй яшчэ шэсць новых даільна-малочных блокаў. Яны стануць дапаўненнем да тых пяці, якія ўжо паспяхова працуюць.

Такім чынам паступова ідзе выкананне даручэння Кіраўніка дзяржавы аб увядзенні ў строй малочнатаварных фермаў, дзе вядзецца рэканструкцыя, і абсталяванні іх сучаснымі даільнымі заламі.

Аднак такія работы на Капыльшчыне ідуць маруднымі тэмпамі. Пра гэта ішла размова на нарадзе з удзелам кіраўнікоў сельскагаспадарчых і будаўнічых арганізацый. А была яна даволі жорсткай. І ў першую чаргу, паводле меркавання старшыні райвыканкама Анатоля Жданені, гэта адбываецца па прычыне таго, што пераважная большасць кіраўнікоў адносяцца да гэтай справы, як да нечага другараднага. “Я наведваю кожную ферму не радзей за тры разы на тыдзень, — распавёў Анатоль Іосіфавіч, — і толькі лічаных дырэктараў сустракаю на будаўнічай пляцоўцы. А гэта значыць, што справа ў большасці выпадкаў пушчана на самацёк”.

Пад гэта маштабнае будаўніцтва Капыльскі раён з бюджэту атрымаў ужо ў бягучым годзе 25 мільярдаў рублёў, у тым ліку літаральна днямі — 6 млрд руб. Гэтыя сродкі павінны быць асвоены гаспадаркамі за 3-4 дні. Акрамя таго, адказныя спецыялісты райвыканкама, якія згодна з распараджэннем старшыні райвыканкама замацаваны за рэканструіруемымі аб’ектамі, павінны ўзмацніць кантроль за ходам работ.

Падчас нарады таксама быў абмеркаваны ход выканання прагнозных паказчыкаў, вытворчасць малака, пачатак уборачнай кампаніі, разлікі за набытую бялковую сыравіну, супрацоўніцтва з прадпрыемствам па вытворчасці гранул з саломы і іншыя актуальныя пытанні.

Маргарыта САКОВІЧ

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *