Задумацца і зрабіць высновы

Общество

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, на шчасце, разгледжана не такая вялікая  колькасць матэрыялаў, як звычайна.

Прыемна адзначыць, што прыняты два  рашэнні аб вяртанні дзяцей у сем’і з сацыяльна-педагагічнага цэнтра. За пэўны час бацькі прайшлі лячэнне ад алкагалізму, выправілі свае паводзіны, навялі парадак у дамах. Аднак сем’і ўсё роўна застануцца пад пільным кантролем адпаведных службаў.

Былі разгледжаны і прафілактычныя матэрыялы. Некаторыя з выкліканых на камісію бацькоў нават не палічылі патрэбным з’явіцца на пасяджэнне. Выказаныя ў іх адрас заўвагі наконт выпраўлення, вырашэння праблем з палівам, электраправодкай, антысанітарыяй у доме ігнаруюцца. Ёсць і матулі-“зязюлі”, якія блукаюць па свеце, а сваіх дзяцей пакідаюць на выхаванне бабулям.

Недахопам належнай увагі з боку бацькоў можна растлумачыць і выклік на камісію адзінаццацігадовага хлопчыка, які захапіўся распаўсюджваннем зусім не дзіцячага відэа на мабільным тэлефоне. Таксама разглядаліся і іншыя выпадкі: крадзяжы, п’янства, хуліганства непаўналетніх і інш.

Хочацца спадзявацца, што ўсе парушальнікі закону, а ў першую чаргу іх бацькі, задумаюцца і зробяць адпаведныя высновы.

Таксама на пасяджэнні разгледжана работа па прадухіленні правапарушэнняў сярод навучэнцаў Капыльскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа. Як адзначыла намеснік дырэктара навучальнай установы Ірына Літвінка, гэтаму напрамку надаецца значная ўвага, праводзіцца шмат прафілактычных мерапрыемстваў, але ўзровень здзяйснення парушэнняў застаецца высокім. Неабходна адзначыць, што большасць злачынстваў адбываецца па месцы жыхарства іншагародніх навучэнцаў. Акрамя таго, у іх да такога ўзросту ўжо сфарміраваліся свае нормы паводзін, таму прафілактыка можа быць неэфектыўнай. Што ж датычыцца работы ў каледжы, то там праводзяцца шматлікія гутаркі, сустрэчы са спецыялістамі, выхаванцы задзейнічаны ў спартыўных, культурна-масавых мерапрыемствах. На належным узроўні адзначана супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі службамі, актывізавана работа з сельсаветамі.

Для вырашэння ўзнятых праблем было рэкамендавана больш сур’ёзна адносіцца да адбору абітурыентаў пры паступленні ў каледж, асабліва іншагародніх. Неабходна больш увагі звяртаць на іх характарыстыкі, атэстаты. Таксама прапанавана напярэдадні летняга адпачынку правесці прафілактычныя сустрэчы з супрацоўнікамі пракуратуры, міліцыі, медыкамі і інш.

Зоя ДАЙНЯК,

намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама;

Сяргей КОЗЕЛ,

карэспандэнт газеты “СП”

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *