Высокае званне «народны» – пацверджана!

Актуально Культура

Галоўнай мэтай гэтага мерапрыемства было пацвярджэнне мастацкімі калектывамі ганаровага звання “народны”. У канцэрце прымалі ўдзел сапраўдныя зоркі Капыльшчыны. На вуліцы гуляла зусім не веснавая завіруха, сыпала снегам. Але і ёй было не пад сілу перашкодзіць аматарам музыкі трапіць у раённы Цэнтр культуры на канцэрт, які праходзіў у рамках ХVII абласнога агляду “народных” і аматарскіх вакальна-харавых, інструментальных, харэаграфічных калектываў.

На сцэне - “Капыльскія дудары”

Скажыце, ці можна апісаць паветра, подых ветрыку, ласкавы праменьчык сонейка? Лічу, што нават самыя трапныя словы не змогуць перадаць іх прыгажосць. Так і з музыкай. Яе трэба проста слухаць і адчуваць асалоду. На сцэне – народны ансамбль народнай музыкі “Капыляне” пад кіраўніцтвам Аляксандра Булакевіча. І… чароўныя гукі старадаўняга вальса і вясельнай полькі рассыпаліся цудоўнымі праменнямі па-над залай. Вось на сцэне Вольга Даманская. Пад акампанемент флейты яна апавядае пра любоў да роднай Капыльшчыны. Ад гледачоў – гучныя авацыі!

“На сцэне народны аркестр народных інструментаў “Капыльскія дудары”!” – аб’яўляе наступных артыстаў вядучая. І вось яны, у цудоўных касцюмах, расшытых беларускім арнаментам, уваж-ліва сочаць за тым, як дырыжыруе іх мастацкі кіраўнік Святлана Салавей. Аднак цікава было не толькі слухаць, але і назіраць за тым, як музыканты іграюць на сапраўдных старадаўніх інструментах беларусаў: валынцы, сурме, цымбалах, жалейцы. Цудоўныя гукі спляталіся ў адзіны рознакаляровы ўзор народных кампазіцый. А прызнанне ў каханні прагучала паміж Аксанай Мельнічэнка і Вячаславам Курчыкам зусім па-сапраўднаму. І зноў – выбух апладысментаў і гучнае “Брава!”

З боханамі розных гатункаў хлеба на сцэне з’явіліся салісты народнага ансамбля народнай песні “Спадчына” раённага Цэнтра культуры. Са шчырымі словамі пажадання дабрабыту самы духмяны каравай быў уручаны начальніку аддзела культуры райвыканкама Наталлі Царковай.

Таццяна Шастакова, салістка народнага жаночага вакальнага ансамбля РЦК пад кіраўніцтвам Таццяны Хілько, разам з іншымі выканаўцамі названага калектыву выконвала ўжо больш сучасныя песні. Але тэма гэтых кампазіцый – тэма вечная: каханне.

На працягу выступлення калектываў працавала журы, якое і вынесла вердыкт: “Высокае званне “народны” – пацверджана!” Авацыі, авацыі, авацыі!

Расквецілі музычнае мерапрыемства дзіцячыя харэаграфічныя калектывы пад кіраўніцтвам Святланы Палонскай з ДУДА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” і Марыны Балажынскай з раённага Цэнтра культуры.

Ці ведаеце вы, паважаныя чытачы, пра такую страшэнную хваробу, як “запаленне варотцаў сэрца”? Не? Вось і я не ведала, пакуль не паглядзела пастанову вясковага тэатра  Быстрыцкага СДК. Аказваецца, такім “запаленнем” знянацку можа захварэць… мужык. А вось, як лечыцца такая “інфекцыя”, ведаць можа толькі жонка, якая і становіцца выратавальнікам. “Ну і мужыкі!” – раз-пораз і ўсё з новымі ноткамі ў голасе ўскліквала галоўная гераіня.

Пра клуб нацыянальнай кухні “Лоцвінскія ўдалухі” вядома капылянам, а вось пра тое, што ж з’яўляецца сапраўднай ежай беларускага мужыка, яны змаглі даведацца з тэатральнай міні-яцюры. Аказваецца, гэтым цуда-прадуктам мог стаць… какос. Аднак гаспадар не здолеў “раскалоць” заморскі фрукт. Таму і давялося частаваць гасцей  звычайнымі салёнымі агуркамі і каўбасамі.

У гэты дзень зусім па-даросламу загучалі імёны вядучых-дзяцей – Алесі Астрэйкі з Песачанскага ЦКіА  і Рамана Еўдакімава з Душаўскага СДК, якія разам са Святланай Сухаверскай з Каменскага СК і Сяргеем Мялешкам аб’яўлялі імёны артыстаў.

А напрыканцы канцэрта адбылося ўзнагароджванне пераможцаў раённага агляду-конкурсу тэатральна-драматычнага жанру і вядучых канцэртных праграм устаноў культуры Капыльшчыны. Начальнік аддзела культуры Наталля Царкова ўручыла Ганаровыя граматы і каштоўныя падарункі кіраўнікам Бучацінскага, Жыліхаўскага, Камсамольскага, Быстрыцкага, Грозаўскага, Лоцвінскага, Душаўскага і Цімкавіцкага сельскіх Дамоў культуры, а таксама Песачанскага Цэнтра культуры і адпачынку.

Дзіяна ТКАЧЭНКА

Фота аўтара


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *