Дабрабыт краіны пачынаецца з сям’і

Образование

Напраканцы лютага адбыўся раённы бацькоўскі сход на тэму “Сучасныя  падыходы ў выхаванні адказнага бацькоўства” з удзелам бацькоў выхаванцаў навучальных устаноў раёна, дырэктараў і намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце, сацыяльных педагогаў і іншых зацікаўленых асоб.

Падчас майстар-класа ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі

Якія формы і метады выхавання вучняў, падыходы ў рабоце з сем’ямі выкарыстоўваюць педагогі Капыльшчыны, больш грунтоўна даведаліся бацькі падчас удзелу ў секцыях на базе ўстаноў горада і раёна. Так, гімназія №1 г. Капыля больш шырока прадставіла сваю работу з адоранымі дзецьмі і іх бацькамі. Сярэдняя школа №2 закцэнтавала ўвагу на выхаванні асобы вучня праз спорт. Асабліва выразна гэты працэс назіраўся падчас спартландыі, дзе ў склад каманды ўваходзілі дзеці і іх таты ці мамы. Важнасць узаемадзеяння бацькоў і  работнікаў установы адукацыі ў выхаванні дзяцей з асаблівасцямі развіцця раскрылі для прысутных супрацоўнікі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Падчас правядзення бацькоўскага сходу ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі працавала  выстава работ дзіцячай творчасці, прыкладнога мастацтва навучэнцаў адукацыйных устаноў раёна. Як ствараюцца такія прыгожыя вырабы, бацькі даведаліся не толькі са слоў дырэктара ўстановы Валянціны Маліноўскай, але і на ўласным прыкладзе, прыняўшы ўдзел у разнастайных майстар-класах. Стварэнне ўмоў, максімальна прыбліжаных да дамашняй абстаноўкі, стала тэмай секцыі ў Грозаўскай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Штодзённая работа з сем’ямі дае свой плён. Гэта добра ведаюць у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці “Сонейка”. Сумесныя праекты, мерапрыемствы сталі ўжо традыцыйнымі для выхавацеляў, бацькоў і дзяцей адукацыйнай установы, візітная картка якой — выхаванне праз творчасць. Тэатральная пастаноўка “Цуда-яблык” не пакінула абыякавымі ўдзельнікаў секцыі. Капыльскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж таксама сустрэў бацькоў насычанай праграмай. У яе ўвайшлі экскурсія па навучальнай установе, выстава-дэгустацыя “Кулінары ў другім пакаленні” (створаная сумесна з навучэнцамі і іх бацькамі). Асабліва запамінальнымі сталі майстар-клас па квілінгу Галіны Крыжык, а таксама мерапрыемства, прапанаванае педагогам-псіхолагам Таццянай Канаплянік.

Афіцыйная частка бацькоўскага сходу адбылася ў раённым Цэнтры культуры. Скаардынаваць дзеянні, выпрацаваць сумесную палітыку ў выхаваўчай рабоце на бягучы год — такая мэта стаяла перад шырокай аўдыторыяй, што сабралася ў зале. “Дзеці — гэта ўвасабленне рэалізацыі нашых бацькоўскіх няздзейсненых жаданняў і надзей. Кажуць, што кожны настаўнік жадае, каб вучань стаў лепшым за яго. Бацькі хочуць выхаваць дзіця так, каб яно дасягнула вялікага поспеху ў сваім жыцці. У сучасных умовах галоўнай праблемай і задачай у цэлым перад краінай і ў прыватнасці перад бацькамі з’яўляецца выхаванне маральнай устойлівасці і духоўнасці ў нашых дзецях, — адзначыла ў сваім выступленні намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская. — Любоў да блізкага, міласэрнасць, чысціня думак, адказнасць за свае словы і ўчынкі —  гэта тое, чаго часта не хапае нашай сучаснай моладзі. У спробе забяспечыць матэрыяльную платформу дзецям, мы перастаём размаўляць з імі, тлумачыць элементарныя ісціны жыцця. Школа і настаўнікі часам перастаюць быць аўтарытэтамі для некаторых дзяцей. У сваю чаргу яны шукаюць адказы на пытанні на вуліцы сярод такіх жа абдзеленых увагай хлопчыкаў і дзяўчынак, у інтэрнэце. На жаль, гэта вельмі часта згубна ўздзейнічае на іх псіхіку. Таму сям’і сёння неабходна вяртаць увагу дзяцей рознабаковымі зносінамі, не размяжоўваць дарослых і дзяцей, карэктна тлумачыць і накіроўваць на жыццёвыя і культурныя каштоўнасці”. З гэтымі словамі нельга не згадзіцца, асабліва пачуўшы сумныя статыстычныя факты, якія прывяла намеснік начальніка аддзела адукацыі Алена Міхайлоўская. У прыватнасці, яна канстатавала: “У раёне пражывае 5445 непаўналетніх у 3398 сем’ях. З іх 988 (18,1%) выхоўваюцца ў няпоўных, 877 — у малазабяспечаных сем’ях (16,1%). 185 непаўналетніх з 85 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 13 — маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне і цяпер пражываюць у сацыяльным прытулку г. Капыля. Чацвёра дзяцей выхоўваюць непаўналетнія маці пры дапамозе апекуноў. Удзельная вага дзяцей, што нарадзіліся па-за шлюбам, вырасла з 8,5% у 1990 да 37,7% у 2012 годзе”. Тым не менш, ёсць і станоўчыя моманты, якія яскрава даказваюць — работа, якая праводзіцца з нядобранадзейнымі бацькамі, дае плён. За мінулы год у сваіх правах былі адноўлены чацвёра бацькоў у адносінах да 5 дзяцей. З моманту дзеяння Дэкрэта №18 гэтыя правы вернуты 21 бацьку і маці, падкрэсліла Алена Станіславаўна.

Поспех у любой дзейнасці ствараецца сумеснымі намаганнямі многіх людзей. Для вучняў — гэта апантаныя педагогі, якія даступна даюць трывалыя веды. Але немалаважную ролю ў спасціжэнні ведаў адыгрываюць і бацькі, якія заўсёды прыдуць на дапамогу, падтрымаюць маральна ў складаных сітуацыях. Іх  заўважаюць, імі ганарацца і выказваюць удзячнасць за выхаванне дзяцей. Удзельнікаў форуму вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Марыя Сандрозд. За стварэнне ўмоў для дасягнення дзецьмі высокіх вынікаў на рэспубліканскіх алімпіядах памятныя падарункі ад грамадскага аб’яднання атрымалі Алена і Мікалай Быліновічы з г. Капыля, Святлана Нікалаеня з аг. Грозава. Словы ўдзячнасці прагучалі ад начальніка аддзела па справах моладзі Наталлі Гарбацэвіч, першага сакратара РК ГА “БРСМ” Аляксея Загорцава. Яны таксама  ўручылі памятныя падарункі сям’і Уладзіміра і Святланы Хоцькаў з в. Бучаціна, Тамары Лапуць з аг. Лясное і Алене Дубовік з г. Капыля за поспехі іх дзяцей на рэспубліканскіх прадметных алімпіядах.

Дзе павінны атрымліваць выхаванне дзеці? Гэта пытанне стала лейтматывам выступлення дырэктара Быстрыцкай СШ Мікалая Труса. Калі здараецца што-небудзь недарэчнае з дзецьмі, адны сцвярджаюць — гэта школа вінаватая. Іншыя, наадварот, лічаць, што школа ў асноўным усё ж такі вучыць, а выхоўваць павінна сям’я. Школа і сям’я не павінны паказваць адзін на аднаго пальцам, падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч. Гэта саюзнікі, а не канкурэнты. Няхай яны заўсёды крочаць насустрач адзін аднаму. Пакуль дзіця жыве ў сям’і, нам здаецца, што толькі мы, сям’я, уздзейнічаем на яго. Але вось яно паступае ў грамадскі інстытут — дзіцячы сад, школу, вышэйшую навучальную ўстанову, —  і мы бачым, што пакрысе дзіця  аддаляецца ад нас. Таму не толькі мы, але і грамадства падключаецца да працэсу выхавання. Асноўная мэта, якая стаіць перад двума гэтымі інстытутамі — сфарміраваць сталага, гарманічнага чалавека. “Адной з самых галоўных задач педагогаў нашай установы адукацыі з’яўляецца супрацоўніцтва і пашырэнне поля пазітыўных зносін у сям’і, рэалізацыя планаў па арганізацыі сумесных спраў бацькоў і дзяцей, — адзначыў Мікалай Трус. — У рамках рэалізацыі педагагічнага праекта Мінскай вобласці “Укараненне мадэлі грамадзянскага і патрыятычнага выхавання школьнікаў ва ўмовах сацыякультурнай сферы аграгарадка” класнымі кіраўнікамі 1—4 класаў створаны Цэнтр сямейнай творчасці “Досуг”. Задачы цэнтра — выявіць захапленні бацькоў з мэтай далейшага планавання арганізацыі сумеснай дзейнасці”. Так у навучальнай установе ўзніклі разнастайныя студыі, вынікам работы якіх сталі шматлікія выставы работ сямейнай творчасці. Такая сумесная форма баўлення вольнага часу садзейнічае асобаснаму станаўленню дзіцяці, дапамагае зразумець сваю значнасць. Вынікі праводзімай работы сталі зразумелымі падчас правядзення месячніка сямейнага выхавання “У коле сям’і нараджаецца душа”, дзе бацькі прынялі актыўны ўдзел ва ўсіх прапанаваных мерапрыемствах.

Спартландыя з удзелам бацькоў і дзяцей у СШ №2 г. Капыля

Наколькі важную ролю адыгрывае тата ў выхаванні дзяцей распавядаў Уладзімір Нупрэйчык, член асацыяцыі бацькоў сярэдняй школы №2 г. Капыля. “Калі для сына бацька — гэта той прыклад, з якога выхоўваюцца мужчын-скія якасці, такія як смеласць, рашучасць, адданасць сям’і і Радзіме, уменне пастаяць за сябе, за іншых, то для дачкі — гэта першы прыклад паводзін мужчыны. І вельмі важна, якім ён будзе. Як правіла, большасць сыноў паўтараюць жыццёвы шлях сваіх бацькоў, а дочкі, выбіраючы будучага мужа, шукаюць падабенства сваім татам, — адзначыў выступоўца. — Быць бацькам нельга ў паўсілы або па нядзелях. Гэта праца, якая патрабуе многа цярпення і мудрасці, любові і самаахвяравання”. У дапаўненне гэтага выступлення ўвазе ўдзельнікаў раённага бацькоўскага сходу былі прапанаваны відэаінтэрв’ю з татамі “Якой я бачу будучыню свайго дзіцяці” і “Хто стаіць на капітанскім мосціку сямейнага карабля”, падрыхтаваныя педагогамі гімназіі №1 г. Капыля.

Выхаванне дзяцей — справа нялёгкая, а выхаванне дзіцяці з асаблівасцямі развіцця — тым больш. Што дае сілы сям’і, як далей ісці па жыцці ў такой сітуацыі расказала Людміла Аніхоўская. “Галоўнымі для нас сталі правілы: калі не можаш змяніць сітуацыю, змяні адносіны да яе і таксама любі, жыві і дзякуй Богу за тое, што ў цябе ёсць. Вера ў Божую дапамогу і дала нам сілы, цярпенне і любоў. Я прыняла сваё дзіця як лёс, а не чыю-небудзь памылку”. Разам з мужам Людміла Іванаўна прыкладвае ўсе намаганні для развіцця, аздараўлення і рэабілітацыі сына, яны стараюцца дарыць яму ўвагу, цяпло і ласку. “Нам хочацца, каб ён не жыў ізалявана, каб у яго былі зносіны з равеснікамі, а таксама са здаровымі дзецьмі,” — адзначыла жанчына. Усё гэта яны здолелі рэалізаваць з дапамогай спецыялістаў цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Звярнуўшыся да сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі развіцця, Людміла Іванаўна дадала: “Вы не саромейцеся і не замыкайцеся ў сабе, перастаньце шкадаваць сябе. Такія пачуцці робяць нас эгаістамі. Лепшы сродак — паспрабаваць знайсці апору ў другіх бацьках, якія выхоў-ваюць дзяцей  з асаблівасцямі. З іх нараджэннем жыццё не заканчваецца, а становіцца на парадак вышэй. Любіце дзіця такім, якое яно ёсць. Вы неабходны яму як паветра і вада”.

Ад духоўнага складу чалавека, яго маральных паводзін залежыць, ці стане ён асобай, арыентаванай на такія каштоўнасці, як міласэрнасць, суперажыванне, клопат, любоў да блізкіх і сваёй Айчыны. Менавіта пра гэта гаварыў Благачынны цэркваў капыльскай акругі Протаіерэй Сергій Чарны. Кожны з нас стараецца быць прафесіяналам у сваёй справе, але самым галоўным у жыцці з’яўляецца бацькоўства. “Ад таго, якім будзе духоўны ўзровень нашых дзяцей, напрамую залежыць іх карысць у нашым свеце, грамадстве”, — адзначыў ён.

Пра выхаванне дзяцей у доме сямейнага тыпу Максімчыкаў прысутныя даведаліся з відэафільма “Дзяцінства ў падарунак”, а гаспадыня ўстановы Наталля Сяргееўна расказала пра традыцыі, якія склаліся ў сям’і на працягу некалькіх гадоў.

Наколькі рознымі талентамі валодаюць дзеці, які творчы патэнцыял закла-дзены ў іх прыродай і развіты пры дапамозе вопытных педагогаў, упэўніліся прысутныя падчас невялікага канцэрта. Колькі пазітыўных эмоцый падарылі ўдзельнікам мерапрыемства юныя майстры вакалу і харэаграфіі! Цікава было даведацца пра вынікі сацапытання “Добры бацька — той, хто…”. Па меркаванні большасці ўдзельнікаў форуму (93 са 169 галасоў), выдатны тата павінен любіць дзяцей і ўмець перадаць сваю любоў.

Па выніках бацькоўскага сходу была прынята Рэзалюцыя. У яе аснове стала пазіцыя,  што толькі пастаянныя, сістэмныя сумесныя дзеянні бацькоў, школы і грамадскасці прывядуць да станоўчага выніку, сфарміруюць прынцыпы адказнага бацькоўства ў кожным з нас. Невыпадкова бытуе меркаванне, што дабрабыт любой краіны пачынаецца з дабрабыту сям’і.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара



 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *