Баба, бабуля…

Культура

У гутарковай мове могуць выкарыстоўвацца сінонімы да слова «бабуля» –  «ба», «бабця» і іншыя.

Адразу заўважу, што вельмі  многае на зямлі Бацькаўшчыны пачынаецца з прыказкі: хто бабе не ўнук? І вельмі дрэнна, што ёсць такія хлопчыкі, якія яшчэ з маленства пачынаюць не шанаваць сваіх бабуль. У старажытнасці нават каменных баб выраблялі – статуі з каменю. Такімі ж халоднымі былі, мусіць, і сэрцы гэтых майстроў… Сёння, у ХХІ стагоддзі, многія з нас усё яшчэ лепяць снегавых баб, якія адразу растаюць ад шчодрага сонейка. Але так не хочацца, каб унукі абыякава ставіліся да сваіх бабуль, каб раставала любоў і павага нашчадкаў да старэйшых прадстаўніц свайго роду!..

Праз стагоддзі да нас дайшлі розныя бабы.  Маленства падаравала нам Бабу-Ягу з казак – злую вядзьмарку.  Затым сустракаліся ўжо ў жыцці агонь-бабы, бой-бабы, хват-бабы  – ну надта энергічныя жанчыны, мажныя, з задзірыстым характарам, заўзятыя ў працы.  Шмат і базарных баб, нават сярод мужыкоў – сварлівых, грубых.  Адным словам, бабка надвае варажыла… Зямляне вынайшлі нават бабіна лета.

Бясспрэчна, што  для многіх з нас  найлепшай бабай жыцця стала родная бабуля. Бабулька. Дзякуй вам, бабулькі-сонейкі зямлі роднай!

Менавіта бабулі, як, дарэчы,  і дзядулі,  з’яўляюцца важным духоўным  складнікам  пашыранай  сям’і. У традыцыйнай культуры бабулі  маюць выразную ролю, якая выяўляецца ў іх доглядзе за малодшымі дзецьмі ў сям’і. У тых выпадках, калі бацькі не могуць забяспечыць належны догляд за сваімі дзецьмі, бабулі і дзядулі могуць узяць на сябе ролю апекуноў або суправаджальнікаў. Так, у Іспаніі,  штогод, пачынаючы з 1998 года, 26 ліпеня адзначаецца Дзень бабулі і дзядулі. Чаму б гэтае свята не пераняць нам, беларусам?

Канстанцін КАРНЯЛЮК,

краязнаўца г. Віцебск

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *