З песняй праз усё жыццё

Актуально Культура

Фальклорны калектыў в. вуглы: Л. М. Пінчук (кіраўнік), І. А. Рашкевіч, Г. Я. Дзямідчык, Л. Я. Ясючэня, С. М. Жгун

З кожнай песняй пражываюць цудоўныя імгненні сваёй маладосці, хоць і нялёгкай, але па–свойму шчаслівай і  рамантычнай, удзельніцы фальклорнага  гурта з в. Вуглы, што ў Доктаравіцкім сельсавеце, якім кіруе Ліна Пінчук.

Гэта самы самабытны аўтэнтычны калектыў у раёне. Нягледзячы на тое, што ў ім жанчыны сталага ўзросту, яны  і сёння пастаянныя ўдзельнікі свят народнай творчасці як у раёне, так і ў вобласці. За апошнія гады гурт двойчы прымаў удзел у абласным фестывалі фальклорнага мастацтва “Сугалоссе”, які праходзіў у Салігорскім раёне (2004, 2010 гг.), і стаў дыпламантам. І сёння, дзякуючы гэтым жанчынам, якія перадалі ў спадчыну свае песні, танцы, гульні, абрады, казкі, замовы, мы маем магчымасць ладзіць святы, абрады, карыстаючыся гэтай невычарпальнай крыніцай духоўнай спадчыны. Іх творчасць займае дастойнае месца ў беларускіх энцыклапедыях фальклору і шматлікіх выданнях фалькларыстаў–даследчыкаў. Лідзія Якаўлеўна Ясючэня з’яўляецца самай старэйшай удзельніцай і салісткай гэтага гурта. Своеасаблівы лёс у гэтай жанчыны. Нарадзілася і вырасла ў в. Вуглы Капыльскага раёна. Спявае з самага маленства, а прывіла ёй любоў да народнай песні маці. Спачатку спявала ў школьнай самадзейнасці, калі вучылася ў Вуглоўскай пачатковай, затым у Доктаравіцкай і Ванелевіцкай школах. Пасля заканчэння  школы  паступіла  ў  Магілёўскую фельчарска–акушэрскую  школу. Там  удзельнічала ў хоры Магілёўскага пяхотнага вучылішча, якое з’яўлялася іх шэфам. Перад вайной (пасля заканчэння навучальнай установы) была накіравана на работу ў г. Навагрудак у якасці акушэркі. Адпрацавала толькі паўгода, як пачалася вайна. І Лідзія вярнулася дамоў, дапамагала бацькам па гаспадарцы, а праз два гады выйшла замуж. Муж быў афіцэр і ў хуткім часе пайшоў у партызаны. Увесь час Лідзія падтрымлівала з ім сувязь. Калі немцы акупіравалі тэрыторыю, то стварылі “вярбовачныя” пункты, дзе бралі на ўлік працаздольных людзей і моладзь, каб адпраўляць у Германію. На такім уліку была і Ліда. На працягу некалькіх месяцаў ёй прыходзілі павесткі для абавязковай адпраўкі ў Германію, але бацькі змаглі адкупіцца і былі вымушаны пакінуць в. Вуглы і пераехаць усёй сям’ёй у в. Карзуны, каб уратаваць дачку ад “вярбоўкі”. Праз некаторы час яна пайшла ў партызанскі атрад імя Будзёнага брыгады імя Чапаева, дзе ваяваў яе муж, і была там медыцынскай сястрой. Атрад дыслацыраваўся ў вераб’ёўскіх лясах Грэскага раёна. Але з песняй Ліда не расставалася і там. У свабодныя хвіліны пасля бою песня дапамагала падняць дух і настрой у байцоў. Пасля вайны Лідзія з мужам вярнуліся ў родную вёску. Хата бацькоў была спалена (бо немцы палілі хаты тых, хто быў у партызанах), і жыць давялося ў цёткі (назад у Вуглы вярнулася ўся сям’я Лідзіі Якаўлеўны). Было цяжка, мужа накіравалі служыць у г. Мінск. Але ён доўгі час хварэў і ў хуткім часе вярнуўся дамоў, дзе працаваў старшынёй  Ванелевіцкага сельскага Савета. Лідзія працавала сакратаром і бібліятэкарам у вуглоўскай школе. Пабудавалі хату, у іх нарадзілася двое дзяцей. У 1951 годзе мужа Лідзіі Якаўлеўны накіравалі працаваць у Брэсцкую вобласць, яна разам з дзецьмі паехала з ім. 8 гадоў працавала на заводзе безалкагольных напіткаў. У 1959 годзе вярнуліся ў родную вёску. Жыццё пайшло сваёй чаргою. Падрасталі дзеці. І песня заўсёды гучала ў іх хаце. Вельмі добра, што разам у вёсцы засталіся жыць два браты і сястра Ганна, якія таксама цудоўныя спевакі. У 1960 годзе ў вёсцы быў арганізаваны хор з моладзі, дзе Лідзія Якаўлеўна была салісткай, а крыху пазней утварыўся калектыў з жанчын сярэдняга ўзросту, які выконваў народныя песні, а з цягам часу стаў аўтэнтычным фальклорным калектывам. На жаль, сёння засталося вельмі мала ўдзельнікаў, але гурт працуе і перадае сваё майстэрства маладому пакаленню. Лідзія Якаўлеўна з’яўляецца носьбітам традыцыйнага мастацтва. Ад яе запісана шмат гульняў, танцаў, песень. Гэта чалавек добрай душы і вялікага сэрца, у якога можна шмат чаму павучыцца. А днямі Лідзія Якаўлеўна адзначыла свой 90–гадовы юбілей. Хочацца пажадаць ёй моцнага здароўя, бадзёрасці, радасных дзён, каб яшчэ доўга яна радавала ўсіх прыхільнікаў беларускай песні сваім талентам. Доўгіх гадоў Вам жыцця! А напярэданні 8 Сакавіка хочацца ўсіх жанчын з калектыву в. Вуглы павіншаваць з гэтым святам! Галіна ГУРЛО, дырэктар раённага цэнтра традыцыйнай культуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *