«У сям’і ўсё трымаецца на каханні»

Чалавек і яго справа

— упэўнены Віктар Канстанцінавіч Станкевіч з аг. Скабін — любячы муж, клапатлівы бацька і дзядуля, удумлівы кіраўнік, вопытны спецыяліст, добры сябра і проста цудоўны чалавек, які аддаў працы ў сельгаспрадпрыемствах Капыльшчыны амаль чатыры дзесяцігоддзі свайго жыцця, стварыў трывалую дружную сям’ю, у якой усе беды і радасці дзеляцца пароўну.

Марыя і Віктар Станкевічы, 2013 г.

Заўтрашні ўрачысты дзень стане святочным не толькі для ўсіх жанчын, але і для нашага героя. І гэта не дзіўна, паколькі нарадзіўся ён 8 сакавіка (роўна 60 гадоў таму), чым і зрабіў самы цудоўны падарунак сваёй маці — вясковай настаўніцы. “Шэсцьдзесят гадоў праляцелі неяк непрыкметна, — разважае Віктар Канстанцінавіч. — Здаецца, зусім нядаўна для нас, вясковых юнакоў і дзяўчат, гучаў апошні школьны званок у роднай Салтанаўшчыне, што ў Нясвіжскім раёне, былі вучоба ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце і першае працоўнае месца ў саўгасе “Лясное” на Капыльшчыне ў якасці старшага ветурача. І вось ужо скроні кранула сівізна, выраслі і знайшлі свой шлях у жыцці любыя дачушкі Вераніка і Рыта, я ўжо трэці год узначальваю ААТ “Скабін”, а заўтра зраблю свой першы крок у новым статусе — пенсіянера. Праўда, на “заслужаны адпачынак”, як далікатна называюць пенсію, пакуль не збіраюся — ёсць сілы, магчымасць, а галоўнае, вялікае жаданне працаваць. А што будзе праз год-два — час пакажа”.

Наша гутарка з Віктарам Канстанцінавічам адбылася напярэдадні яго юбілею, у рэдакцыйным кабінеце, куды ён прыехаў, адсунуўшы на кароткі час свае штодзённыя клопаты. А яны ў кіраўніка сельгаспрадпрыемства бясконцыя. З уласцівай яму далікатнасцю і нежаданнем прыцягваць увагу да сваёй асобы доўга не згаджаўся на напісанне нарыса пра сябе. Аднак аказаўся на дзіва цікавым суразмоўцам, які раскрыўся зусім з іншага боку. Па службовых абавязках даводзілася часта сустракацца з Віктарам Канстанцінавічам. І заўсёды адзначала для сябе яго добразычлівасць, вялікую кампетэнтнасць ва ўсіх справах, што тычыліся гаспадаркі, грунтоўнасць у выказваннях і дзеяннях. А тут размова пайшла пра асабістае, нават недзе патаемнае, пра што не будзеш крычаць на ўсіх скрыжаваннях. І перш за ўсё пра сям’ю, жонку, да якой ён адносіцца так пяшчотна і пра якую з гонарам гаворыць: “Яна самая лепшая!”

Іх каханне можна назваць раманам у лістах. Пазнаёміліся ў 1975 годзе — Віктар толькі-толькі інстытут скончыў. Месца знаёмства — як і ў многіх маладых людзей таго часу — на вяселлі. Мабыць, з першага позірку яны зразумелі, што створаны адзін для аднаго, і таму іх не спалохалі ні рэдкасць сустрэч, ні вялікая адлегласць, якая раздзяліла іх. “За два гады, якія прайшлі ад знаёмства да нашага вяселля, мы з Марыяй бачыліся толькі 3-4 разы, — расказвае Віктар Канстанцінавіч. — Пасля “Ляснога”, дзе адпрацаваў толькі паўгода, я перайшоў у саўгас “Доктаравічы” на пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача, адсюль, у маі 1976 года, мяне прызвалі ў Савецкую Армію — трапіў у Забайкальскую ваенную акругу. І ўвесь час мы з Марыяй дасылалі адзін аднаму лісты. За 300 дзён службы я напісаў іх больш за 150. Кінеш канверт у паштовую скрынку, пройдзе некалькі гадзін, і зноў хочацца, хоць на паперы, выказаць свае думкі дзяўчыне, якая з кожным днём станавілася ўсё больш дарагой і жаданай. І шукаеш вольную хвіліну, каб схіліцца над аркушам”.

Вось такімі маладымі і прыгожымі пазнаёміліся яны ў 1975 г.

Пасля звальнення ў запас Віктар Станкевіч вярнуўся ў саўгас “Доктаравічы” і пры адной з першых сустрэч з Анатолем Буцько, які ў той час быў дырэктарам гаспадаркі, сказаў, што мае сям’ю, што жонка — настаўніца пачатковых класаў і яе трэба працаўладкаваць. Анатоль Мікалаевіч нават не здагадваўся, што яго галоўны ветурач яшчэ і не заікаўся так званай “жонцы” пра свае планы. Тым не менш, вольнае месца для маладой настаўніцы з Брэстчыны ў Доктаравіцкай школе знайшлося, і хутка Віктар раскрыў свае намеры і перад будучай нявестай. Згулялі вяселле, і паімчалі дні сумеснага жыцця. Менавіта паімчалі, паколькі хапала клопатаў і ў Віктара Канстанцінавіча, які ў 1983 годзе прыняў прапанову тадышняга старшыні калгаса “Піянер” Леаніда Чаркаса стаць яго намеснікам, і ў яго маладой жонкі. Дарэчы, на гэтай пасадзе Станкевіч затрымаўся на 17 гадоў з перапынкам на два гады, калі камуністы гаспадаркі аказалі яму давер і абралі старшынёй партарганізацыі калгаса. У 2000 годзе Станкевічы зноў памянялі месца жыхарства — пераехалі ў Скабін, куды іх паклікаў А. М. Буцько. І зноў пасада намесніка старшыні сельгаспрадпрыемства, а пасля таго, як Анатоль Мікалаевіч пайшоў на адпачынак, Віктар Канстанцінавіч узначаліў калектыў.

Пра тое, што праца ў сельскай гаспадарцы няпростая (а тым больш у кіраўніка!), мае свой рытм і не вельмі прытрымліваецца распарадку, гаварыць не даводзіцца. Таму ў сямейным жыцці, у вядзенні хатняй гаспадаркі ўсе асноўныя клопаты кладуцца на плечы жонкі. Так і ў сям’і Станкевіч. “Мая Марыя Антонаўна — сапраўдны працаголік. Інакш і не назавеш, — адзначае наш герой. — Кажуць, што ідэальных людзей не бывае, але мне, здаецца, пашанцавала, бо мая жонка практычна цалкам адпавядае гэтым якасцям. Усяго ў жыцці здаралася, былі і невялічкія сваркі, але самае галоўнае, што мы заўсёды ўмеем знаходзіць кампраміс. Не саромеемся сказаць, што былі вінаватыя. Таму, відаць, і пранеслі праз 36 гадоў сумеснага жыцця такія цёплыя адносіны адзін да аднаго”.

А яшчэ яны любяць разам спяваць. У гады сваёй маладосці былі актыўнымі ўдзельнікамі мастацкай самадзейнасці, ды і цяпер не згубілі ранейшага запалу. Заўсёды сябраваў Віктар Канстанцінавіч і са спортам. У студэнцкія гады меў І разрад па лёгкай атлетыцы, валейболе, баскетболе, выступаў за абласную зборную каманду таварыства “Ураджай”, у складзе зборнай каманды сельскагаспадарчых ВНУ Беларусі прымаў удзел у першынстве Савецкага Саюза, ды і падчас службы ва Узброеных Сілах абараняў гонар Забайкальскай ваеннай акругі. Цяпер жа стараецца, калі ёсць такая магчымасць, правесці гадзіну-другую ў басейне.

“Мне заўсёды вельмі шанцавала на добрых людзей, якія былі дарадчыкамі ва ўсіх справах, — адзначае Віктар Канстанцінавіч. — Я і прафесію сваю – ветурач — абраў па прыкладзе Мікалая Усовіча, галоўнага ветурача нашага калгаса імя Кірава, дзе я працаваў год пасля заканчэння школы, і якому аддаў усё сваё свядомае жыццё мой бацька. Самымі лепшымі словамі заўсёды ўспамінаю кіраўнікоў гаспадарак “Лясное”, “Доктаравічы”, “Піянер”, “Скабін”, з якімі мяне звязаў лёс. А яшчэ хачу сказаць, што вельмі цяжка было б справіцца з усімі жыццёвымі нягодамі, калі б на дапамогу не прыходзілі сапраўдныя сябры. А іх у нас нямала, і сяброўства гэта ўжо праверана гадамі, бедамі і радасцямі. Калі здараюцца ў нашай сям’і нейкія святочныя бяседы, першы тост я заўсёды падымаю менавіта за сяброў”.

Заўтра, за святочным сталом, прымаючы віншаванні ад усіх дарагіх яго сэрцу людзей, Віктар Канстанцінавіч, напэўна, крыху пашкадуе, што не будзе поруч яго брата, які жыве зараз у сонечнай Каліфорніі, аднак парадуецца, што яго любыя жанчыны — жонка, дочкі, унучка Віталінка, якой толькі-толькі споўніўся годзік, — заўсёды побач,  такія  ж  прыгожыя і шчаслівыя, аб’яднаныя вялікім пачуццём, якое завецца — КАХАННЕ.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота з сямейнага архіва сям’і Станкевіч.


Вось такімі маладымі і прыгожымі пазнаёміліся яны ў 1975 г.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *