Пра малако, прывагi i рэканструкцыю

Экономика

Чарговы семінар-нарада з кіраўнікамі, галоўнымі заатэхнікамі і ветурачамі раёна прайшоў на базе РСУП “Бабоўня” і КСУП “С “Лясное”.

Падчас яго разгледжаны ход зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы  перыяду 2012-2013 гг., вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі за студзень 2013 г., захаванне тэхналогіі ўтрымання дойнага статка і вытворчасць малака ў зімовы перыяд, а таксама правядзенне рэканструкцыі на малочнатаварных фермах раёна. Удзел у семінары прынялі старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, яго першы намеснік начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, адказныя спецыялісты ўпраўлення.

Асноўным з разгледжаных пытанняў, безумоўна, стала вытворчасць малака. У раёне сёлета ў параўнанні з мінулым годам назіраецца яе зніжэнне на 1-2 тоны. Таксама трэба ўлічыць, што ў лютым гэтага года на адзін дзень менш, чым у 2012-м. Таму “мінус” можа быць адчувальны. Да таго ж, прыкладна сем гаспадарак недаатрымліваюць прадукцыю, што адбіваецца на раённым паказчыку. Здаецца, ва ўсіх гаспадарках (акрамя ААТ “Праснакі” і “Мажа-Агра”) дастатковая колькасць травяністых кармоў. Праўда, іх якасць жадае быць лепшай – сілас даводзіцца раскісляць. Камбікармоў таксама хапае. Але пастаўлена задача дадаткова закупіць соевы шрот, з дапамогай якога можна павялічыць надоі.

Што датычыцца  прываг жывёлы, то ў цэлым па раёне яны складаюць 649 г, што няблага. Але ёсць гаспадаркі, дзе атрымліваюць па 400, а то і менш грамаў. Таму таксама пастаўлена задача знайсці рэзервы для атрымання прадукцыі.

Актуальным застаецца пытанне па рэканструкцыі малочнатаварных фермаў. Як паведаміла першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, у 2012 годзе пераходнымі пускавымі комплексамі ўведзена 13 МТФ, у стадыі будаўніцтва – 14 даільных залаў. Даволі шмат работ неабходна будзе правесці сёлета.

На МТФ “Колы” КСУП “С “Лясное” рэканструкцыя пад беспрывязное ўтрыманне жывёлы была пачата ў 2012 годзе. Зроблены два памяшканні з будаўніцтвам даільна-малочнага блока і даільнай залай тыпу “Свінговер” 2х20 вытворчасці СП “Унібокс” ТАА. Але, на жаль, работы тут былі закончаны толькі 5 лістапада, каровы да гэтага часу даіліся ў перасоўнай даільнай устаноўцы, што адмоўна паўплывала на вытворчасць малака. Яшчэ адна прычына таго, што ў “Лясным” дояць менш, чым чакалася, заключаецца ў тым, што ў новае памяшканне паставілі старадойных кароў, якія прывыклі даіцца ў іншых умовах. Таму спецыялісты прыйшлі да высновы, што самы лепшы варыянт – пастаноўка ў новыя даільныя залы цялушак, для якіх пастаянна будзе выкарыстоўвацца адно абсталяванне.

Сяргей КОЗЕЛ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *