А як вы адносіцеся да чытання?

Культура

З ГЭТЫМ ПЫТАННЕМ МЫ ЗВЯРНУЛІСЯ ДА КАПЫЛЯН.

Анатоль Сікорскі, настаўнік геаграфіі і біялогіі СШ №2 г. Капыля:

– Зімой больш часу ідзе на чытанне мастацкай літаратуры, летам аддаюся дамашняй працы. Кніга перадае вопыт іншых людзей, які пераймаецца з пакалення ў пакаленне і вельмі карысны ў рабоце з дзецьмі. Гэта яшчэ і выхаваўчая функцыя. У апошні час быў захоплены творам Пауло Коэльо “Алхімік”, а зараз перачытваю кнігі Тэадора Драйзера. Таксама падабаюцца творы і больш сучасных аўтараў – напрыклад, дэтэктывы Аляксандры Марынінай. Акрамя мастацкай літаратуры люблю чытаць у вольны час газеты і часопісы пра работы ў садзе і агародзе.

Валянціна Зарамбоўская, мастацкі кіраўнік раённага Цэнтра культуры:

– Я вельмі люблю чытаць з самага дзяцінства. Нават памятаю адзін момант, калі ў сем год прачытала адну з першых кніг літаральна за ноч — зборнік п’ес Шэкспіра. Зараз чытаю праваслаўную літаратуру, дзе даведваюся шмат чаго цікавага і патрэбнага для нас. Зразумела, што менавіта многім жыццёвым прынцыпам, якія замацаваны ў духоўнай літаратуры, мы павінны дзяцей вучыць з нараджэння. Гэта і выхаванне дабрыні, паважлівых адносін у калектыве, у сям’і. Калі не маю вольнага часу, то ўсё роўна стараюся прачытаць у дзень хоць некалькі старонак.

 

Алег Хартановіч, інспектар аддзела кадраў Капыльскай ЦБС:

– Можна нават сказаць, што ў мяне апошнім часам з’явілася кніжная залежнасць. Цяпер не магу ўявіць ніводнага дня без кнігі, таму гадзіну-паўтары ў дзень пакідаю для размовы з літаратурай. Увогуле, люблю кнігі Эрых Марыя Рэмарка. Першы яго твор, з якім сутыкнуўся — “Тры таварышы”, потым знайшоў для сябе і іншыя не менш цікавыя яго кнігі. Зараз жа захапіўся раманам-антыўтопіяй “1884” Джорджа Оруэла. Трэба адзначыць, што кніга для мяне дае адпачыць ад надзённых праблем.

Гутарыў Павел Шэін

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *