Да пасяўной рукой падаць

Экономика

Чым бліжэй вясна, тым больш увагі надаецца падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ. Паводле патрабавання Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, ужо да 1 сакавіка ўсе пасяўныя агрэгаты павінны стаяць на лінейцы гатоўнасці.

Рамонт вядуць У. Юха і У. Мялешка.

Начальнік раённай інспекцыі дзяржтэхнагляду Валерый Прахарэня не хавае сваёй заклапочанасці — вядома ж, у кожнай гаспадарцы свае тэмпы работ. Калі ў ААТ “Піянер-Агра”, “Семежава”, “Старыца-Агра”, ЗАТ “Жыліхава”, ф-ле “Лакнея” і некаторых іншых падрыхтоўчыя работы выйшлі на фінішную прамую, то ёсць сельгаспрадпрыемствы, дзе можна назіраць і адваротную карціну. У іх і запчастак няма, і механізатараў не хапае, і адказныя спецыялісты ў адпачынку, а самае галоўнае — ніяк не выйдуць з перыяду раскачкі, калі здаецца, што да пасяўной яшчэ столькі часу… На самай жа справе — да сяўбы рукой падаць.

У шэрагу гаспадарак, якія былі наведаны разам з Валерыем Міхайлавічам у мінулы чацвер, быў і сельскагаспадарчы філіял “Руднае” ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс”. Паводле інфармацыі галоўнага інжынера Віктара Дзягцярыка, у сельгаспрадпрыемстве маецца і практычна гатовы да вясенніх работ тры пасяўныя агрэгаты АПП-6, “Лемкен” і “SULKY”, няма вялікіх праблем і з глебаапрацоўчай тэхнікай — хіба толькі дыскатар патрабуе больш пільнай увагі па прычыне няспраўнасці катка. Ёсць 23 трактары, у тым ліку два магутныя “Беларус-3022”, столькі ж “Беларус-1523”, чатыры МТЗ-1221, ёсць таксама МТЗ-80 і МТЗ-920.

Заходзім у майстэрню. Там сапраўды ідзе работа. Вось газазваршчык Віктар Крывецкі нешта падварвае ў “Беларусы”, яму дапамагае механізатар Валянцін Прыміч. Побач рамонт рухавіка аўтамабіля вядуць Уладзімір Юха і Уладзімір Мялешка. Як адзначыў галоўны інжынер, тэхніка і прычапныя агрэгаты, у асноўным, рамантуюцца сіламі тых работнікаў, якія за імі замацаваны. Самыя складаныя віды работ дапамагаюць зрабіць спецыялісты райаграсэрвісу. Ёсць неабходныя запасныя часткі і грошы на іх набыццё.

У Валерыя Прахарэні вялікіх заўваг да арганізацыі рамонтных работ у сельгасфіліяле не было: “Трэба толькі памятаць, што 6 сакавіка ў раёне пройдзе тэхагляд сельскагаспадарчай тэхнікі, а значыць, да гэтага часу ўсё павінна быць у парадку”.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *