Экскурсія ў прафесію

Актуально Галоўныя падзеі Образование

На мінулым тыдні 22 студэнты вышэйшых дзяржаўных медыцынскіх навучальных устаноў краіны наведалі УАЗ “Капыльская ЦРБ”. Будучыя ўрачы, ураджэнцы Капыльшчыны, адгукнуліся на прапанову адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта бліжэй пазнаёміцца з калектывам установы аховы здароўя, умовамі, у якіх працуюць капыльскія медыкі.

Будучыя медыкі

Сярэднімі медыцынскімі работнікамі лячэбна-прафілактычныя ўстановы ўкамплектаваны цалкам, а вось кваліфікаваных урачоў у сістэме аховы здароўя нашага раёна не хапае. Таму такая сустрэча — крок да вырашэння забяспечанасці кадрамі ў будучым. Ды і час выбраны невыпадкова: студэнты пасля здадзенай зімовай сесіі прыехалі адпачыць дадому на канікулы.

Знаёмства з сучасным абсталяваннем

Разам з галоўным урачом УАЗ “Капыльская ЦРБ” Андрэем Каралько, старшынёй прафкама Людмілай Лагун студэнты прайшлі па карпусах паліклінікі, кабінетах. На свае вочы будучыя медыкі ўбачылі новае абсталяванне, якое было набыта за апошні час. Падчас экскурсіі асаблівы акцэнт адміністрацыя надавала паляпшэнню ўмоў знаходжання хворых і работы медыцынскага персаналу.

У рэанімацыйным аддзяленні - разам з А. Каралько і загадчыкам аддзялення У. Туроўскім

Цудоўным дапаўненнем стала сустрэча з вопытнымі ўрачамі, загадчыкамі аддзяленняў раённай бальніцы, якія расказалі пра спецыфіку сваёй работы. У іх адрас ад будучых калег паступалі пытанні наконт праходжання інтэрнатуры, заработнай платы, магчымасці атрымання жылля і многія іншыя. Студэнты вышэйшых медыцынскіх навучальных устаноў расказалі таксама пра сябе, свае планы на будучае. Высветлілася, што многія з іх не супраць пачаць працоўную дзейнасць на радзіме…

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.