Застрахавацца ад пажарных сiтуацый

Закон. Безопасность

У раёне планамерна праходзяць пажарна-прафілактычныя мерапрыемствы.

Асноўная ўвага падчас абследавання жылога фонду надаецца так званай “групе рызыкі”: сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей ці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным станові-шчы, адзінокім людзям паважанага ўзросту, асобам, што злоўжываюць спіртнымі напіткамі. Адзін з такіх рэйдаў адбыўся 29 студзеня па населеных пунктах Вялікараёўскага сельсавета.

Дзяніс Умінскі правярае электралічыльнік

На маршруце значылася восем вёсак, дзе пражываюць адзінокія пенсіянеры і шматдзетныя сем’і. Менавіта гэтыя катэгорыі насельніцтва і абследавалі ўдзельнікі рэйду. У вёсцы Сцяпуры жыве Анатоль Сцяпура, 1946 г. н. Простая абстаноўка, але больш-менш чыста. “Не куру і не ўжываю спіртнога, — гаворыць гаспадар. — Таму ў мяне ўсё як мае быць”. Начальнік ПАВЧ №1 г. Капыля Дзяніс Умінскі абследаваў печ, электралічыльнік, пажарны апавяшчальнік. Сапраўды, заўваг няма. Інспектар па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ “Капыльскі ТЦСАН” Таццяна Грыбок пацікавілася, ці хапае паліва на зіму, ці патрэбна дапамога сацыяльнага работніка. Мужчына патлумачыў, што і сам яшчэ справіцца па гаспадарцы.

У Вялікай Раёўцы значацца пяць домаўладанняў падкантрольнай катэгорыі. У пенсіянеркі Соф’і Захарэвіч “села” крона ў пажарным апавяшчальніку. Яе абавязкова трэба замяніць, патлумачыў прадстаўнік пажарнай службы. Неабходна адрамантаваць печ — да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі рэйду пасля абследавання домаўладання Святланы Шут. Тым больш, што ў сям’і выхоўваюцца дзеці. Праблема такога ж характару высветлілася і ў жыхаркі в. Вялікія Прусы Кацярыны Макаранкі, якая пражывае па вул. Цэнтральнай.

Таццяна Грыбок гутарыць з Марыяй Кныш.

У вёсцы Руднае неабходна было наведаць сем двароў. Абследавалі, на жаль, толькі шэсць: Георгія Лагуна, які не цураецца часам выпіць шклянку, дома не засталі. У астатніх гаспадароў, як, напрыклад, у пенсіянеркі Марыі Кныш, абследаванне паказала, што стан электраправодкі, пячнога ацяплення і электрабытавых прыбораў апаскі не выклікае.

У вв. Куцаўшчына, Канатопы, Савічы, Кукавічы большасць дамоў пабудаваны ў 40-60-я гады мінулага стагоддзя, але былі аснашчаны новай электраправодкай (нават у сучасных корабах), спраўнымі апавяшчальнікамі (часам аж па два ў пакоі!). Здавальняючым аказалася і пячное ацяпленне. У некаторых неабходна асвяжыць пабелку ці ўвогуле пабяліць печ. Людзі ўважліва слухалі заўвагі, запэўнівалі, што абавязкова выправяць недахопы.

Значных парушэнняў у 25 наведаных домаўладаннях рэйдавая брыгада не знайшла. Аднак і тыя невялікія заўвагі павінны быць выпраўлены. Адным словам, толькі аб’яднаўшы намаганні, можна застрахавацца ад пажарных сітуацый.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *