Колас і Капыльшчына:сувязь нашчадкаў

Культура

Пра тое, што ў мінулым годзе беларускі народ святкаваў 130-годдзе сапраўднага  Паэта — Якуба Коласа, пісалі вельмі шмат. Але мы знайшлі разыначку з мясцовым, капыльскім,  прысмакам. Справа ў тым, што прапраўнук песняра мае капыльскія карані. Але пра ўсё па парадку.

Праўнук Яраслаў і прапраўнук Ян у Нясвіжскім замку.

У далёкім 1997 годзе ў г. Мінску  пазнаёміліся Яраслаў і Таццяна, а праз два гады і ажаніліся. Чаму я ўзгадваю гэтыя падзеі? А таму, што Яраслаў мае вельмі знакамітае для беларусаў  прозвішча – Міцкевіч, а дзяўчына, яго выбранніца, паходзіць з нашага роднага Капыля – Балажынская. Так і “парадніўся” Якуб Колас з Капыльшчынай.

У лістападзе 2001 г. нарадзіўся хлопчык, якога назвалі Ян, Ян Яраслававіч Міцкевіч, прапраўнук вялікага паэта па лініі малодшага сына Міхася (яму зараз, дарэчы, 87 гадоў). Ян – звычайны хлопчык, якога цікавяць сучасная тэхніка і дыназаўры, ён з лёгкасцю можа адрамантаваць зламаны табурэт. Сфера інтарэсаў Яніка ахоплівае сучасных супергерояў і палеанталогію. Ён вучыцца ў 5 класе звычайнай мінскай школы. Дарэчы, калі ў навучальнай установе летась даведаліся аб тым, кім з’яўляецца прапрадзед Яна, бібліятэкар пачала выдаваць лепшыя кнігі, а аднакласнікі спачатку не паверылі. Аднак, наведаўшы музей Якуба Коласа ў Мінску,  пачалі адносіцца з павагай, з цікавасцю. Сам хлопчык яшчэ не ўсведамляе, што яго прапрадзед – гонар беларускага народа.

Дзесяць гадоў Ян пражыў у кватэры, якая належыла  другому песняру, беларускаму знакамітаму пісьменніку Янку Маўру (яго прабабка – дачка Маўра), і з’яўляецца амаль музеем: там знаходзіцца даволі шмат партрэтаў, кніг, асабістых рэчаў  Маўра і Коласа. Таму з самага дзяцінства хлопчык пранікнуўся сапраўдным беларускім духам. Ён ужо зараз піша цікавыя тэксты, казкі, можа і рыфму скласці. Хлопчык добра гуляе ў шашкі, шахматы, займаецца каратэ, атрымліваецца ў яго і ляпіць з гліны, і граць на флейце. Як успамінае сын Коласа Міхась: “Музыка бацьку давалася лягчэй”. Адным словам, творчы, рознабакова развіты малады чалавек.

На святкаванні 130-годдзя Коласа ўся сям’я збіралася разам на Бацькаўшчыне, у Акінчыцах. А потым адзначалі юбілейную дату ў доме, што знаходзіцца на вул. Акадэмічнай. У сувязі з гэтым прыехалі родныя з розных краін свету. Ужо стала традыцыяй кожны год сям’ёй збірацца разам на дзень нараджэння Якуба Коласа, ездзіць на яго радзіму. А ў той дзень, калі сэрца пісьменніка перастала біцца, таксама разам наведваць могілкі. І гора, і радасць аб’ядноўваюць Коласаву сям’ю. Не  так даўно  пахавалі прабабку Яна, жонку Міхася, дачку другога знакамітага пісьменніка Янкі Маўра.

Наведвае Ян і Капыльшчыну: тут яго таксама чакаюць родныя: дзед Ула-дзімір, цётачка Валянціна і стрыечны брацік Глеб, і сябры. І па сваёй дзіцячай гарэзлівасці ён такі ж, як і яго звычайныя равеснікі. Але ж генэтычная памяць  тым  ці  іншым  нагадвае: прапрадзед – Вялікі Беларускі пясняр Якуб Колас!

Дзіяна ТКАЧЭНКА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *