Ждём вас на «Капыльскіх пагорках»

Актуально Спорт

Як вядома, у суботу, 18 верасня, у Капылі адбудзецца вялікае спартыўнае відовішча. З гэтай нагоды карэспандэнт газеты “Слава працы” гутарыць з галоўным суддзёй спаборніцтваў Мікалаем Васільевічам Жукам.

— Мікалай Васільевіч, растлумачце, калі ласка, чаму змяніўся статус спаборніцтваў і чым гэта выклікана?

— Па-першае, ужо ў трынаццаты раз будзе праходзіць гэта мерапрыемства. Называлася яно па-рознаму: спачатку быў Чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па марафонскай эстафеце, адзін год – рэспубліканскае спаборніцтва, затым – Кубак Рэспублікі Беларусь па марафонскай эстафеце. Цяпер прыйшлі да высновы, што нашы спаборніцтвы набылі дастатковую папулярнасць не толькі сярод аматараў лёгкай атлетыкі, але і сярод спецыялістаў. Да таго ж, да нас прыязджаюць даволі вядомыя спартсмены, якія дасягнулі значных вышынь і на міжнароднай арэне. Цікавы і той факт, што такога фармату спаборніцтваў (толькі эстафетны бег) у нас у рэспубліцы няма, як няма іх і ў Еўропе, а магчыма – і ў свеце. Таму лічу заслужана, што нашым спаборніцтвам дадзены статус нацыянальнага фестывалю эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі”. У гэтым бачу вялікую заслугу райвыканкама, які штогод укладвае пэўныя сродкі ў развіццё гэтага спартыўнага відовішча. Таксама з’явіліся новыя крыніцы фінансавання: калі раней былі толькі два спонсары (райвыканкам і Міністэрства спорту і турызму – С. Л.), то цяпер дабавіліся яшчэ тры крыніцы – Міністэрства спорту і турызму па другой лініі, упраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Мінаблвыканкама і прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Мінскай вобласці.

— Да вас ужо прыходзяць заяўкі на ўдзел у спаборніцтвах. Ці павялічыцца колькасць спартсменаў у гэтым годзе?

— Хачу адзначыць, што ў спаборніцтвах з’явілася новая намінацыя “Эстафеты Міншчыны” (6х1000 метраў), у якіх прымуць удзел навучэнцы як сельскіх, так і гарадскіх сярэдніх школ. У сувязі з гэтым чакаем, што прадстаўніцтва каманд будзе больш масавым.

Увогуле, з кожным годам колькасць спартсменаў на нашых спаборніцтвах павялічваецца. Калі ў мінулым годзе каля 600 удзельнікаў выходзілі на старт розных дыстанцый, то на фестывалі бегу ў суботу чакаем прыкладна на чвэрць спартсменаў больш.

— У сувязі з правядзеннем спаборніцтваў, са з’яўленнем новай трасы ці не стане нязручным рух па горадзе для аўтамабілістаў?

— Дзякуючы рабоце службы АДАІ Капыльскага РАУС, ніякіх ускладненняў для аўтааматараў, руху грамадскага транспарту ў мінулыя гады не было. Лічу, не будзе іх і цяпер.

— Што чакае простых гледачоў на “Капыльскіх пагорках”?

— Да ўвагі капылян, гасцей горада мы прапануем насычаную культурную праграму. Будуць выступаць калектывы мастацкай самадзейнасці, для гледачоў арганізуем разнастайныя спартыўныя конкурсы з розыгрышам прызоў. Абавязкова правядзём і традыцыйны розыгрыш прызоў “Экідэн”, у якім, акрамя іншых, разыграем і дастойны суперпрыз. Для дзяцей будуць працаваць атракцыёны: батут і надзіманая горка. Каб больш зручна было назіраць за спаборніцтвамі, у стартавым гарадку ўстановім вялікі інфармацыйна-рэкламны экран. Цікавай стане і цырымонія адкрыцця фестывалю з запускам надзіманых шароў і гэтак далей.

Больш ярка будуць аформлены стартавы гарадок, вуліцы горада, дзеля чаго мы заказалі каляровыя банеры, шчыты. Таму ўсе, хто прыйдзе ў суботу на фестываль эстафетнага бегу, не пашкадуюць і з цікавасцю правядуць вольны час у атмасферы здароўя і спорту.

— Дзякуй за размову.

Гутарыў Сяргей ЛАЗОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *