Наваселле бiблiятэкi

Актуально Год кнігі

Бабаўнянская сельская бібліятэка ў апошні месяц Года кнігі справіла наваселле.

Новае, больш камфортнае месца прапіскі яна набыла ў памяшканні былой мясцовай пачатковай школы. На ўрачыстасць завіталі работнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі на чале з дырэктарам ЦБС Таццянай Серай, прадстаўнікі РСУП “Бабоўня”, Бабаўнянскай бальніцы сястрынскага догляду, выхаванцы дзіцячага сада разам з загадчыцай установы Алай Жылко, а таксама актыўныя чытачы.

У пакоі для дзяцей

Раней бібліятэка тулілася ў канторы РСУП “Бабоўня”. Нягледзячы на невялікае памяшканне (крыху больш за 20 квадратных метраў), там заўсёды было цёпла і ўтульна для чытачоў. Але, усё ж такі, каб раскрыць дастаткова вялікі кніжны фонд (каля 7000 адзінак), месца не хапала.

Цяпер у новых апартаментах акрамя асноўнай залы знайшлося месца і пакою для дзяцей, дзе яны змогуць не толькі знайсці цікавую кніжку, але і паўдзельнічаць у тэматычных гульнях.

Бібліятэкар С. Грушэвіч з юнымі чытачамі

У зоне абслугоўвання бібліятэкі знаходзяцца шэсць вёсак Бабаўнянскага і тры — Пацейкаўскага сельсаветаў, у якіх пражывае 820 чалавек, 580 з іх з’яўляюцца чытачамі. “Наведваюць бібліятэку людзі рознага ўзросту — школьнікі, студэнты, актыўнымі чытачамі з’яўляюцца людзі, што знаходзяцца ў Бабаўнянскай бальніцы сястрынскага догляду. Таксама выязджаем да насельніцтва на бібліёбусе, — расказвае бібліятэкар Святлана Грушэвіч. — А часта транспартам сельгаспрадпрыемства выручае. Удзельнічаем ва ўборачных кампаніях, ладзім краязнаўчыя гадзіны, робім разнастайныя мерапрыемствы і міні-канцэрты”.

На ўрачыстасці прагучалі вершы ад выхаванцаў дзіцячага сада. Таксама прысутныя акунуліся ў свет Кнігі, пабываўшы на прадстаўленні лялечнага тэатра, які прапанавалі члены гульнёвага аб’яднання  «Пазнайка». А загадкі ад Бабы Ягі прыйшліся даспадобы не толькі юным удзельнікам урачыстасці, але і дарослым.

На наваселле прынята прыходзіць не з пустымі рукамі. Ад гаспадаркі салодкія пачастункі атрымалі артысты тэатра,  бібліятэцы дастаўся камп’ютар, які ўручыла Таццяна Серая, а для самых актыўных чытачоў былі падрыхтаваны памятныя падарункі.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *