На Копыльщине новый руководитель

Актуально У райвыканкаме

У мінулую суботу адбылася чацвёртая пазачарговая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць шостага склікання з удзелам членаў раённага выканаўчага камітэта, начальнікаў упраўленняў і аддзелаў райвыканкама, старшынь сельвыканкамаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. На парадак дня было вынесена адно пытанне – аб зацвярджэнні старшыні раённага выканаўчага камітэта.

Як вядома, з 29 ліпеня А. І. Жданеня выконваў абавязкі кіраўніка раёна, а 3 верасня па ўзгадненні з Прэзідэнтам Беларусі А. Лукашэнкам распараджэннем старшыні аблвыканкама быў прызначаны на гэту пасаду.

Выступаючы перад дэпутатамі, Барыс Батура адзначыў, што прадстаўляць А. І. Жданеню не трэба, паколькі ўся яго працоўная дзейнасць была на іх вачах. “І вы ведаеце яго недахопы і добрыя якасці, пэўна, лепш, чым я”, — сказаў кіраўнік вобласці. Сапраўды, Анатоль Іосіфавіч з 1982 года працуе на Капыльшчыне, мае багаты гаспадарчы вопыт. Пасля заканчэння ў 1979 годзе Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ён пачаў працоўную дзейнасць на Клеччыне інжынерам-механікам, затым прадоўжыў яе ў нашым раёне ў саўгасе “Крыніца”; з 1987 па 1990 год з’яўляўся вызваленым сакратаром парткама калгаса “Памяць Леніна”; 5 гадоў працаваў намеснікам старшыні калгаса “Авангард”; у 1995-1998 гадах узначальваў ЗАТ “Макраны”; затым на 3 гады вярнуўся кіраўніком у “Авангард”. У красавіку 2001 года быў прызначаны выконваючым абавязкі, а праз месяц — начальнікам упраўлення райсельгасхарчу і першым намеснікам старшыні райвыканкама; з сакавіка 2002 года да 29 ліпеня бягучага  ўзначальваў ВСК “Семежава”.

Гаворачы аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, Барыс Батура адзначыў, што сёння існуе адна ацэнка: выкананне прагнозных паказчыкаў. А ў Капыльскім раёне, на жаль, ні адзін з іх не выконваецца, за выключэннем вытворчасці спажывецкіх тавараў. Так працаваць, як сёння працуе Капыльскі раён, нельга. І кадры, і традыцыі рэгіёну, які даў у мінулым 10 Герояў Сацыялістычнай Працы, не дазваляюць так працаваць, лічыць ён. Старшыня аблвыканкама падрабязна спыніўся на праблемах і ўпушчэннях у сельскай гаспадарцы, асабліва ў жывёлагадоўлі, дзе вытворчасць прадукцыі не дасягае нават мінулагодняга ўзроўню.

Крытыцы губернатар падверг і дзейнасць спажывецкай кааперацыі па задавальненні патрэб насельніцтва, у прыватнасці, таварамі прамысловай групы, і запытаў, чаму ў гэту сферу дзейнасці не дапускаецца  ўласнік. Аблвыканкам ставіць задачу, каб і ў аб’ёме валавой прадукцыі, і ў фарміраванні мясцовага бюджэту малы і сярэдні бізнес займаў не 15-20%, як сёння, а 50 і больш. Барыс Батура звярнуў увагу прысутных на неабходнасць развіваць прамысловасць, паколькі ў раёне не выконваецца заданне па росце заработнай платы. “Мы людзям не даплачваем за іх працу, — упэўнены кіраўнік вобласці. — Вы павінны быць зацікаўленымі, каб у раён прыйшлі ўласнікі, асабліва свае, мясцовыя. На жаль, пакуль ідуць толькі размовы аб лібералізацыі прад-прымальніцкай дзейнасці”.

Гаворачы аб рабоце сельскіх Саветаў дэпутатаў, губернатар адзначыў, што галоўная іх функцыя – арганізаваць так сваю дзейнасць, каб усе аб’ектыўныя запыты людзей былі задаволены. “Мы павінны стварыць нармальныя ўмовы для пражывання і працы людзей, каб насельніцтва задавальняла тое, што робіць улада”, — адзначыў ён.

— У мяне ёсць упэўненасць, што А. І. Жданеня справіцца з тымі абавязкамі, якія на яго ўскладваюцца. Спадзяюся, што напярэдадні важнай палітычнай падзеі – Усебеларускага сходу — кадры раёна разам з райвыканкамам прыкладуць усе намаганні для выканання пастаўленых задач. Капыльскі раён павінен займаць дастойнае месца і ў вобласці, і ў рэспубліцы, — сказаў Барыс Батура і папрасіў дэпутатаў падтрымаць кандыдатуру А. І. Жданені.

Народныя выбраннікі аднагалосна зацвердзілі Анатоля Іосіфавіча Жданеню на пасаду старшыні раённага выканаўчага камітэта, а кіраўнік вобласці павіншаваў з прызначэннем на пасаду і ўручыў яму службовае пасведчанне. Старшыня раённага Савета дэпутатаў таксама цёпла павіншавала Анатолія Іосіфавіча, адзначыўшы, што з прызначэннем на пасаду ён узяў на сябе адказнасць за далейшы лёс раёна ў цэлым і людзей, якія пражываюць тут. Марыя Леанідаўна выказала ўпэўненасць, што вопыт гаспадарання на прадпрыемствах раёна, вялікая працаздольнасць, дзелавы характар дазволяць Анатолію Жданеню справіцца са службовымі абавязкамі, а кожны з прысутных у зале стане актыўным яго памочнікам,  і  пажадала  моцнага зда-роўя і поспехаў ва ўсіх справах на карысць раёна, Міншчыны і Рэспублікі Беларусь.

Выступаючы са словам у адказ, Анатоль Жданеня падзякаваў за аказаны давер і заверыў прысутных, што прыкладзе ўвесь вопыт і веды, каб разам з кадрамі раёна выканаць пастаўленыя задачы.

У сувязі з прызначэннем А. І. Жданені на пасаду старшыні раённага выканаўчага камітэта, дэпутаты прагаласавалі за датэрміновае спыненне ім паўнамоцтваў дэпутата раённага Савета дэпутатаў па Семежаўскай выбарчай акрузе №27, згодна з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў”.

Таццяна РАІЦКАЯ

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *