Навіны рэгіёна

Новости

Сл.-Кучынскi сельсавет аг.Старыца

“Блакітнае” паліва прыйшло

Першыя 15 спажыўцоў з ліку жыхароў новага пасёлка ўжо падключаны да звадкаванага прыроднага газу. У будучым годзе “блакітнае” паліва прый-дзе і ў дамы іншых вяскоўцаў. Усяго ж у аграгарадку створана чатыры спажывецкія кааператывы з 173 домаўладальнікаў.

аг. Пясочнае

Рыхтуюцца да Новага года

У аграгарадку рыхтуюцца да святкавання Новага года. У мясцовым Цэнтры культуры і вольнага часу запланавана правядзенне мерапрыемстваў для ўсіх жыхароў Пясочнага: ад ранішніка для самых маленькіх — да навагодняга “агеньчыка” для людзей сталага ўзросту. Дарэчы, спонсарам мерапрыемстваў, якія работнікі культуры рыхтуюць разам з навучальнымі ўстановамі, выступіла РСУП “С “Прамень”. А навучэнцы мясцовай адзінаццацігодкі могуць пахваліцца тым, што ў іх школьным двары ўжо залілі каток!

в. Слабада-Кучынка

Снег скарыцца настойлівым

У вёсцы ідзе інтэнсіўная расчыстка вуліц ад снегу. У гэтай справе задзейнічана як тэхніка ДРБУ-124, так і сельскагаспадарчага філіяла “Крыніца”. Дарэчы, паступова вызваляюцца ад снегу і астатнія населеныя пункты, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета.

в. Садкі

Адбылася рэканструкцыя фермы

Завершаны работы па рамонце і мадэрнізацыі малочнатаварнай фермы “Садкі” на 200 галоў, на якой зманціравана сучаснае абсталяванне — падвясная монарэльса фірмы “ДэЛаваль”. Тэрыторыя жывёлагадоўчага аб’екта добра-ўпарадкавана, абнесена жалезабетоннай агароджай. У хуткім часе на ферму паставяць цялушак (за два месяцы да расцёлу), каб у пачатку вясны атрымаць ад іх малако.

в. Харытонаўка

Узвялі агароджу

Па ініцыятыве дэпутата Слабада-Кучынскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандра Кашубы праведзена работа па ўстаноўцы 100 м новай жалезабетоннай агароджы на грамадзянскіх могілках. Для гэтай мэты сабрана 5,9 млн рублёў (спонсарамі выступілі 45 чалавек). Таксама прайшло шэраг суботнікаў па вызваленні тэрыторыі ад буралому і смецця. Найбольш актыўны ўдзел у гэтым прымалі С. М. Корзун, В. Э. Трыгубовіч, І. І. Белазаровіч, А. В. Кашуба.

Падрыхтавала Маргарыта САКОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *