Задача больш, чым рэальная, або Дзе крыюцца рэзервы для павышэння прадукцыйнасці дойнага статка ў ААТ “Праснакі”

Экономика

У адкрытым акцыянерным таварыстве “Праснакі”, якое ўзначальвае Руслан Анатольевіч Сухаверх, апошнімі днямі атрымліваюць ад кожнай каровы ўсяго па 9,7 кг малака, але гэта на 0,8 кг больш, чым летась. Ёсць прыбаўка па валавым надоі — заданне выканана на 114%.

На 6% вырасла таварнасць малака.

На жаль, гэтыя паказчыкі, у прыватнасці, па надоі ад адной каровы, пакуль не дацягваюць да сярэднераённага (11,04 кг), аднак рух наперад адчувальны. Усяго ў гаспадарцы на трох малочнатаварных фермах утрымліваецца 600 галоў дойнага статку. На пытанне, што ж можа паспрыяць яшчэ больш выніковай працы, Руслан Анатольевіч адказаў:

— Лічу, калі карова накормлена і напоена, рэзервы трэба шукаць у зоаветэрынарных мерапрыемствах: своечасова і рэзультатыўна лячыць жывёлу, правільна  асемяняць  яе,  калі трэба — выбракоўваць. Нядаўна ў нас з’явіўся заатэхнік-селекцыянер у дапамогу галоўнаму за-атэхніку. Думаю, што справа будзе спорыцца.

Вялікае спадзяванне ўскладваецца ў гаспадарцы і на ўвядзенне ў строй новага даільна-малочнага блока, работы па будаўніцтве якога вядуцца. Хаця сёлета абсталяванне на ім зманціравана яшчэ не будзе, тым не менш, да новага года мяркуюць зрабіць вільчак, закрыць франтоны, паставіць у будынку вокны і дзверы, падрыхтаваць яму для мантажу даільнага абсталявання (“Паралель” 2х12 фірмы “Унібокс”). Задача больш, чым рэальная, паколькі да капыльскіх будаўнікоў днямі далучацца іх калегі па цэху са сталіцы. Само даільнае абсталяванне, паводле слоў Руслана Сухаверха, ужо часткова закуплена, напрацягу месяца чакаецца другая партыя пастаўкі.

Вядома ж, такое будаўніцтва не з танных. На яго ўжо патрачана каля 2,5 млрд рублёў (як уласных, так і з абласнога бюджэту). Аднак увядзенне ў строй новай даільнай залы, а таксама рэалізацыя планаў па будаўніцтве ў будучым годзе новага кароўніка, які будзе да яе “прывязаны”, дазволіць падняць малочную галіну ў гаспадарцы на больш высокі ўзровень — не толькі павялічыць дойны статак і аб’ёмы малака, скараціць затраты на абслугоўванне жывёлы, але і значна павысіць якасць прадукцыі. Пакуль жа з гаспадаркі не было пастаўлена на перапрацоўчае прадпрыемства ні адной тоны малака класам “экстра”. “Хаця ў асноўным, — адзначае дырэктар гаспадаркі, — вялікіх нараканняў на нашу прадукцыю няма. Малако пераважна паступае вышэйшым гатункам, амаль няма прэтэнзій да саматыкі і рэдуктазы. Яшчэ больш палепшыць сітуацыю, думаю, і тое, што мы сёлета набылі малакавоз, а значыць, не будзем залежаць ад цэнтравывазу. На новым даільна-малочным блоку будзе ўстаноўлена і сучаснае халадзільнае абсталяванне. Гэта дазволіць навесці парадак з ахалоджваннем малака і на МТФ “Загараўшчына”, куды перанясём халадзільнік, які выкарыстоўваем цяпер у Праснаках”.

З трох малочнатаварных фермаў, паводле слоў кіраўніка, вылучаецца менавіта МТФ “Загараўшчына”, дзе падабраўся малады дружны калектыў. Узначальвае яго Міхаіл Голуб, які выконвае і абавязкі асемянатара. І як гэта не дзіўна, лепшым аператарам машыннага даення на ферме і ўвогуле ў гаспадарцы з’яўляецца таксама мужчына — Сяргей Жук, які паказвае прыклад сваім калегам у гэтай, здавалася б, спрадвеку жаночай справе.

Вялікая ўвага надаецца ў гаспадарцы паляпшэнню ўмоў утрымання жывёлы і працы вяскоўцаў. Вядома ж, усё адразу ахапіць немагчыма, тым не менш, на МТФ “Праснакі”, пакуль жывёла знаходзілася на летне-пашавым утрыманні, удалося шмат што зрабіць. У прыватнасці, замянілі дахі, вокны, дзверы, абсталяванне для водапаення і гноявыдалення. У адным з кароўнікаў, на якім каровы будуць даіцца ў малакаправод, выбілі старыя рыны, зрабілі кармавы стол. На другім пакуль, да ўвядзення ў строй даільна-малочнага блока, даенне вядзецца ў ПДУ, а пазней будзе абсталявана беспрывязное ўтрыманне жывёлы. Не забыліся і пра стварэнне належных бытавых умоў для жывёлаводаў.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *