Каб не знiзiць прадукцыйнасцi

Экономика

Спякотнае надвор’е, што ўжо некалькі тыдняў пануе на Капыльшчыне, уносіць свае карэктывы ў тэхналогію ўтрымання жывёлы.  Якія ж захады робяцца, каб не знізіць прадукцыйнасці дойных статкаў?

Па-першае, як паведаміў першы намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу Віталь Ракевіч, яшчэ ў ліпені, перад пачаткам уборкі рапсу, кіраўніцтву гаспадарак раёна было рэкамендавана ўвесці ў рацыён дойнаму статку рапсавую муку. “У такую спёку, — тлумачыць Віталь Аляксандравіч, — у рацыёне жывёлы павінны быць тлушчы, каб у арганізме ішло назапашванне вадкасці. У шротах і камбікармах завод- скай вытворчасці ўтрымліваецца тлушч, але ён неабаронены. Таму мы рэкамендуем карміць кароў менавіта рапсавай мукой, якая мае абаронены тлушч, што дазволіць жывёле палепшыць засваенне вадкасці і павысіць сваю прадукцыйнасць”.

Паводле слоў першага намесніка начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу, не ва ўсіх гаспадарках прыслухаліся да гэтай рэкамендацыі. Аднак там, дзе ўзялі яе на ўзбраенне, адразу ж дабіліся важкіх вынікаў. У прыватнасці, у ААТ “Ціміразеўскі” аднымі з першых у раёне пачалі ўводзіць у рацыён кароў рапсавую муку — давалі спачатку па 500 г на кожную галаву, а затым і па 1 кг. Можна прывесці наступныя факты: калі раней гаспадарка пастаўляла на ААТ “Капыльскі масласырзавод” 20 т 300 кг малака, то з уводам мукі з рапсу яго рэалізацыя дасягнула 24 т 800 кг — прадукцыйнасць статка вырасла практычна больш, чым на 4 тоны.

“Акрамя таго, каб справіцца са спёкай і не знізіць прадукцыйнасці дойнага статка, — раіць Віталь Ракевіч, — неабходна пасля абеду кароў пакідаць у кароўніку, карміць іх паўнацэннымі сакавітымі кармамі, абавязкова даваць не менш за 30-35 кг на галаву зялёнай масы. Да таго ж — абавязкова пасвіць уначы, паколькі менавіта ў гэты час сутак жывёла больш камфортна будзе адчуваць сябе на пашы”.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *