Галоўнае — убраць якасна, упэўнены хлебаробы закрытага акцыянернага таварыства “Жыліхава”

Галоўныя падзеі

Хуткімі тэмпамі ідзе ўборачная кампанія ў ЗАТ “Жыліхава”. Тут ужо ўбрана 64% плошчаў, намалочана 3614 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 47,8 цэнтнера з гектара.

Ва ўборачных работах задзейнічана шэсць камбайнавых экіпажаў, тры з якіх — сямейныя. Браты Уладзімір і Аляксандр Мяцельскія ўжо не першы год шчыруюць разам на хлебнай ніве. Ёсць пэўны вопыт, стараннасць, жаданне выканаць сваю справу як мага лепш. “Для нас самае галоўнае — убраць без страт, — расказвае дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Кукраш. — Пры распрацоўцы расцэнак вялікую ўвагу надавалі менавіта гэтаму аспекту. Створаны групы па кантролі за якасцю, якія ў любую хвіліну працоўнага дня могуць прыехаць на поле і праверыць, ці няма страт. Калі будзе ўстаноўлена, што яны перавышаюць дапусцімыя межы, расцэнкі для такога экіпажа зніжаюцца прыкладна ў тры разы”.

На адвозцы збажыны задзейнічаны не толькі аўтамабілі, але і трактары. Васіль Балвановіч — адзін з самых вопытных вадзіцеляў. Ужо чацвёрты год ён кіруе сваім МАЗам, а да гэтага 20 гадоў шчыраваў на ГАЗ-53. У ЗАТ “Жыліхава” з самага пачатку сваёй працоўнай дзейнасці. “Даводзіц- ца і збожжа перавозіць, — расказвае Васіль Мікалаевіч, — і кармы, і арганіку. Аўтамабіль магутны, таму яму заўсёды знойдзецца справа”.

Сёння надвор’е дазваляе не толькі працаваць да самага цямна, але і несці мінімальныя затраты на дапрацоўцы збажыны, паколькі яна практычна не патрабуе сушкі. У гаспадарцы ёсць сучасны збожжасушыльны комплекс ЗСК-40, які дзейнічае толькі другі год. На ім працуюць пазменна тры аператары, каб працэс не спыняўся круглыя суткі. Для старшага аператара Сяргея Есмана сёлетняя ўборачная на збожжасушылцы ўжо сямнаццатая. За гэты час давялося працаваць на ўсіх комплексах, што былі ў гаспадарцы. Новы ЗСК-40, лічыць ён, найбольш сучасны і запатрабаваны. Адначасова тут можна дапрацоўваць 90 тон збажыны.

Здае ЗАТ “Жыліхава” збожжа і ў лік дзяржзаказу. Паводле слоў Аляксандра Кукраша, сёлета перад гаспадаркай стаіць задача паставіць дзяржаве 775 тон харчовай пшаніцы і 500 тон піваварнага ячменю. “Ячмень сёлета ўдаўся, — расказвае Аляксандр Паўлавіч, — ёсць участкі з ураджайнасцю 46 ц/га, а ёсць і па 60 цэнтнераў на круг”.

Для прадукцыйнай працы хлебаробаў у гаспадарцы створаны ўсе ўмовы: арганізавана двухразовае харчаванне, у камбайнераў ёсць мінеральная вада, магчымасць прыняць душ, своечасова падводзяцца і вынікі працоўнага дня.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

Аляксандр Кукраш (у цэнтры) з Аляксандрам (злева) і Уладзімірам Мяцельскімі

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *