Да актыўнага грамадства — у любым узросце

Общество

У Капыльскім раённым краязнаўчым музеі стала добрай традыцыяй у рамках праекта «TOLLAS – да актыўнага грамадства ў любым узросце» праводзіць майстар-класы для людзей паважанага ўзросту, дзе яны вучацца ствараць вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва сваімі рукамі. Гэтым разам удзельнікі мера- прыемства майстравалі вясельныя скрыначкі са скуры, дэкарыраваныя тканінай, біжутэрыяй і іншымі матэрыяламі.

Майстар-клас вядзе М. Мароз (справа

Абрана тэма майстар-класа невыпадкова, так бы мовіць, з перспектывай. Усе ўжо добра ведаюць, што пасля рэгістрацыі шлюбу ў аддзеле ЗАГС маладыя спяшаюцца ў музей. Супрацоўнікі гэтай установы культуры для кожнай пары рыхтуюць цікавую і насычаную праграму, заснаваную на звычаях і абрадах мінуўшчыны. А паколькі раней неад’емным элементам вяселля была скрыня нявесты, куды складваўся пасаг, то дэкаратыўныя скрыначкі стануць добрым дапаўненнем да відовішчнага музейнага мерапрыемства. У дадатак, плануецца, што ўручаць сувеніры маладым будуць самі аўтары вырабаў.

Ад настаўніка дэкаратыўна-прыкладной дзейнасці дзіцячай школы мастацтваў г. Капыля Міланы Мароз, якая вяла майстар-клас, прысутныя даведаліся, што выраб скрыначак апошнім часам стаў вельмі папулярным. Невыпадкова абраны і матэрыял для сувеніраў — скура вельмі зручная для апрацоўкі. Пасля невялікага экскурсу па тэме людзі паважанага ўзросту з цікавасцю прыступілі да работы. Кожны з іх вырабляў скрыначку, якая была не падобна адна на другую: розная форма, элементы дэкору, фурнітура надавалі своеасаблівую, адметную прыгажосць. Дарэчы, такія сувеніры стануць яшчэ і добрым упрыгажэннем любога хатняга інтэр’еру.

Сувенірныя вясельныя скрыначкі

Праз паўтары гадзіны з’явіліся першыя скрыначкі.  Ужо пасля майстар-класа ўдзельнікі мерапрыемства ажыўлена абмяркоўвалі тэхніку вырабу сувеніраў, выказвалі меркаванні наконт матэрыялаў для дэкарыравання. Людзі паважанага ўзросту падзякавалі Мілане Мароз і работнікам музея за цікавы майстар-клас і карысны актыўны адпачынак.

 

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *