«Жывіце цікава і ярка!»

Маладзёжная палітыка Чалавек і яго справа

Аляксей ЗАГОРЦАЎ,

в. а. першага сакратара РК ГА «БРСМ»

Візітная картка:

Нарадзіўся ў г. Чачэрску Гомельскай вобласці. У 2005 годзе закончыў Доктаравіцкую СШ. З 2006 па 2011 год — студэнт юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 3 мая 2012 г. выконвае абавязкі першага сакратара Капыльскага райкама ГА “БРСМ”.

– На дадзены момант у раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі налічваецца 1235 чалавек у 70 пярвічных арганізацыях. Гэта 20% ад агульнай колькасці маладых людзей ва ўзросце да 31 года, якія пражываюць на тэрыторыі Капыльшчыны. Пярвічкі створаны практычна ва ўсіх арганізацыях і ўстановах раёна. Сярод устаноў адукацыі найбольш масавымі з’яўляюцца арганізацыі гімназіі №1, СШ №2 і №3 г. Капыля, а сярод сельскіх – Цімкавіцкай, Лясноўскай і Песачанскай СШ. А самае буйное падраздзяленне ў Капыльскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы (166 чалавек).

Сярод працоўнай моладзі трэба адзначыць пярвічкі аддзела адукацыі райвыканкама, райаддзела ўнутраных спраў, Беларусбанка. На вёсцы самыя масавыя – у ААТ “Капыльскае”, “Ціміразеўскі” і ДП “Грозава-агра”.

Хачу падкрэсліць, што ўсе члены БРСМ нашага раёна маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, з’яўляюцца ўдзельнікамі шматлікіх мерапрыемстваў. Але сярод іх хацелася б вылучыць сакратара пярвічнай арганізацыі ААТ “Капыльскі масласырзавод” Таццяну Гусар, супрацоўніцу Беларусбанка Ірыну Шаўчук, на падтрымку якіх можна заўсёды разлічваць.

Паколькі на пасадзе в. а. першага сакратара я працую крыху больш за месяц, хачу ўсіх запэўніць, што справы маіх папярэднікаў прадаўжаюцца. І надалей мы будзем прапагандаваць ідэі маладзёжнага аб’яднання, агульнымі намаганнямі будзем працаваць на дабрабыт дзяржавы. Прадоўжым дзейнасць па  маральна-духоўным, патрыятычным, культурна-масавым, спартыўным выхаванні. Мяркую, што больш увагі трэба надаваць рабоце з сельскай моладдзю.

А напярэдадні свята звяртаюся да маладога пакалення Капыльшчыны. Нашай дзяржаве патрэбны ваша мэтанакіраванасць, грамадзянская свядомасць і жаданне ўдасканальвацца. У наш тэхнагенны час заставайцеся рамантыкамі з добрым сэрцам і адкрытай душой. Жывіце цікава і ярка. За вамі будучыня Беларусі. Любові вам, шчасця і ўдачы.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *