На сустрэчы з лідарамі

Актуально Чалавек і яго справа

Ужо другі тыдзень запар у раённай Дошцы гонару значацца імёны працаўнікоў ААТ “Старыца-Агра” Сяргея Дубовіка, Анатоля Шнітко і Сяргея Мысліцкага. Менавіта яны з’яўляюцца лідарамі раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы кармоў з траў першым укосам.

Сяргей Мысліцкі, Сяргей Дубовік і Анатоль Шнітко

“Мы — вясковыя”
Сям’ю Дубовікаў можна лічыць сапраўднай працоўнай дынастыяй. Да гэтай пары працуе ў гаспадарцы 73-гадовы Уладзімір Міканоравіч, які і стаў для Сяргея першым настаўнікам, калі той спасцігаў азы механізатарскай справы. Паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і паспяхова заканчвае першы курс сын Сяргея Уладзіміравіча — будучы інжынер.
Родам з Бадзяжоў, Сяргей атрымаў пасведчанне механізатара яшчэ ў школьным ВВК і ўжо да службы ў арміі працаваў у роднай гаспадарцы. Не здрадзіў ёй і пасля звальнення ў запас. І сёння ён шчыруе на старыцкіх палетках. За сваю стараннасць, як успамінае механізатар, на абласных “Дажынках”, якія праходзілі восем гадоў таму ў Клецку, атрымаў у падарунак міні-трактар. На пытанне, ці не шкадуе, што звязаў свой лёс з сельскай гаспадаркай, упэўнена адказаў: “Ніколькі. Мы ж людзі вясковыя!”
Цяпер у яго магутны “Фэндт”, на якім ён косіць травы, вясной працаваў з плугамі, культыватарам, сеялкай. Знойдзецца справа для яго працавітых рук і пасля заканчэння корманарыхтоўчай кампаніі.
“Што Сяргей скосіць — я падбяру”
Ужо другі год у распараджэнні Анатоля Шнітко корманарыхтоўчы камбайн “Нью Холанд”. Пасля заканчэння Капыльскага ПТВ юнак атрымаў прафесію механізатара, і з таго часу пачалася яго працоўная біяграфія на старыцкіх палетках. Зараз нарыхтоў- вае кармы, пазней перасядзе на збожжаўборачны камбайн, затым пяройдзе на ўборку кукурузы. Замацаваны за ім і МТЗ-82, на якім механізатар вясной рыхтаваў глебу і сеяў цукровыя буракі.
Старанная праца механізатара не застаецца без увагі кіраў- ніцтва гаспадаркі. Яму выдзелілі новы дом, які сям’я Шнітко абустройвае на свой густ, дзе растуць іх дзеці, дзе заўсёды пануюць лад і згода.
“Наколькі напружана праходзіць Ваш працоўны дзень?”, — звяртаюся да Анатоля Анатольевіча. “Уся работа ў нас ідзе згодна з графікам. Сяргей Дубовік травы косіць, валкі варочаюць тры трактары з граблямі, праз дзень за справу бяруся я са сваім “Нью Холандам” і пад- біраю іх”.
Амаль трыццаць гадоў за рулём
У ліку дзевяці МАЗаў, што адвозяць ад “Нью Холанда” правяленую зялёную масу ў сянажныя траншэі, і аўтамабіль яшчэ аднаго лідара раённага спаборніцтва Сяргея Мысліцкага. Сяргей Львовіч — адзін з самых вопытных вадзіцеляў сельгаспрад- прыемства. Яго вадзіцельскі стаж пачаў адлік з 1985 года. За дзень яму ўдаецца зрабіць да 15 ходак, таму і вынік такі ўнушальны. Кожны вадзіцель ведае, што для поспеху перш за ўсё трэба, каб машына працавала, як гадзіннік, не падводзіла свайго гаспадара ні пры якіх абставінах.
Пасля напружанага працоўнага дня, які цягнецца, як кажуць на вёсцы, ад цямна да цямна, хочацца адпачыць у цёплай сямейнай абстаноўцы. А калі ўдаецца пацешыцца любімымі ўнукамі, як гэта стараецца зрабіць Сяргей Львовіч, можна лічыць, што дзень удаўся.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *