Фестываль – у Маладзечне

Праздник

8-10 чэрвеня 2012 г. у Маладзечне адбудзецца ХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Я.Купалы і Я.Коласа. Галоўная мэта фестывалю: прапаганда беларускіх нацыянальных каштоўнасцей, беларускай мовы і літаратуры, увекавечанне памяці народных паэтаў Беларусі Я.Купалы і Я.Коласа. ХІІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі — маштабны фэст, які ўключае шматлікія мерапрыемствы для розных узроставых катэгорый гледачоў.

Творчая праграма фестывалю будзе прадстаўлена паказам рок-оперы “Курган” І. Лучанка па матывах паэмы Я. Купалы; літаратурна-музычнай вечарынай “Паэзіі чароўная краса” на сцэне ДУ “Мінскі абласны драматычны тэатр” з удзелам вядучых акцёраў дзяржаўных тэатраў краіны; спектаклем па п’есе У. Вольскага “Цудоўная дудка” ДУ “Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка”; паэтычнымі  сустрэчамі з удзелам беларускіх паэтаў; прэзентацыяй новых выданняў да юбілеяў Я. Купалы і Я. Коласа; канцэртам дзіцячых творчых калектываў і юных чытачоў з розных абласцей краіны і г. Мінска; канцэртамі акадэмічнай і джазавай музыкі з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга; канцэртам заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага.

У рамках правядзення фестывалю адбудзецца Рэспубліканскі конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні; урачыстае адкрыццё фестывалю  і гала-канцэрт “Дзве яркія зоркі”, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Я. Купалы і Я. Коласа, падрыхтаваны Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі; гала-канцэрт – закрыццё фестывалю “Залатая калекцыя беларускай песні” Маладзёжнага тэатра эстрады.

Асноўныя мерапрыемствы пройдуць у амфітэатры і парку культуры і адпачынку імя Перамогі; Палацы культуры г. Маладзечна; філіялах дзяржаўнага літаратурнага музея Я.Купалы ў вв.Вязынка, Яхімоўшчына; УА “Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага”; ДУ “Мінскі абласны драматычны тэатр”; ДУ “Мінскі абласны тэатр лялек “Батлейка”; раённай цэнтральнай бібліятэцы імя М.Багдановіча.

У святочныя дні на Цэнтральнай плошчы г. Маладзечна адбудуцца выступленні аматарскіх калектываў Міншчыны, асобным элементам праграмы стане дэманстрацыя калекцый касцюмаў студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва вобласці. Каля канцэртнай пляцоўкі будзе абсталяваны Горад майстроў, дзе народныя ўмельцы прадставяць выставу-продаж сваіх вырабаў з саломы, лазы, дрэва, скуры і  г. д.

Па вул. Прытыцкага (каля кінатэатра “Радзіма”) будзе працаваць дзіцячая пляцоўка, канцэртныя выступленні аматарскіх калектываў і юных выканаўцаў.

У святочных мерапрыемствах прымуць удзел дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў. Плануецца, што мера-прыемствы фестывалю наведаюць удзельнікі Першага Беларуска-Літоўскага форуму рэгіянальнага супрацоўніцтва, які пройдзе ў г. Маладзечне 7-8 чэрвеня 2012 года.

Наш кар.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *