Сакрэт — у настойлівасці і скрупулёзнасці

Экономика

Больш за тыдзень РСУП “Бабоўня” пастаўляе на ААТ “Капыльскі масласырзавод”  прадукцыю толькі экстра-класам

Для гаспадаркі, якая па выніках работы за мінулы год 25% малака прадавала вышэйшым гатункам і каля 60% — першым, дасягненне значнае. Наведаўшы сельгаспрадпрыемства, мы не прамінулі пацікавіцца, у чым жа сакрэт такога поспеху. Як аказалася, перш за ўсё ў настойлівасці і скрупулёзнасці. Практычна тры месяцы запар кіраўнік сельгаспрадпрыемства, яго намеснік, галоўныя заатэхнік і ветурач штодня падчас дойкі знаходзіліся на ферме і пастаянна кантралявалі работу аператараў.

“Мы не рабілі заўвагі альбо неяк ушчувалі жанчын, — адзначае дырэктар РСУП “Бабоўня” Віталь Курачаў. — Стараліся растлумачыць важнасць вельмі дакладнага выканання тэхналогіі даення, і ў першую чаргу — падрыхтоўчага працэсу. Набылі кубкі для здойвання першага струменьчыка малака і стаканы для закупорвання саскоў вымені каровы пасля заканчэння яе даення. Дакладна вывучылі фізіялагічны стан кожнай каровы, пастараліся выявіць хваробы, скрытыя мастыты. Купілі новае абсталяванне ў малочныя. І пастаянна тлумачылі даяркам, што патрэбна рабіць, навошта і як гэта адаб’ецца на іх заработнай плаце.”

Віталь Іванавіч расказаў, што спачатку было і такое: калі хаця б адна даярка здавала малако ІІ гатункам і пры гэтым, адпаведна, зніжалася якасць усёй прадукцыі, за гэты дзень аплату не атрымліваў з іх ніхто. Вось так і прывучыліся працаваць па прынцыпе: адзін за ўсіх, а ўсе за аднаго (у сэнсе — адказваюць). Затое за малако экстра-класа даплаты даволі высокія. Непасрэдна ад якасці пастаўляемага малака залежыць і заробак загадчыка фермы. Так што можна гаварыць і пра самакантроль, і пра кантроль з боку ўсіх адказных спецыялістаў.

Трэба адзначыць, што ў гаспадарцы сёння старое халадзільнае абсталяванне, якое часта псуецца, а частка і наогул не працуе. А гэта значыць — праблемы з кіслотнасцю ў спякоту вельмі рэальныя. Таму набыццё з дапамогай масласырзавода новага васьмітоннага халадзільніка закрытага тыпу, які ў хуткім часе будзе ўстаноўлены ў адрамантаванай малочнай на МТФ “Рымашы”, дазволіць пазбегнуць такой непрыемнасці.

Лепшая ферма ў гаспадарцы — “Бабоўня”, дзе зараз дояць больш за 20,5 кг малака ад кожнай каровы. І якасць прадукцыі, вядома ж, самая высокая. А дапамагае дасягнуць такіх рэзультатаў, па словах саміх жа жанчын, тое, што ў іх пануюць сапраўдная ўзаемавыручка, бездакорная дысцыпліна і, напэўна, жаданне і надалей быць лепшымі.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

НА ЗДЫМКУ: галоўны заатэхнік Ігар Шалік з даяркамі МТФ “Бабоўня” (злева направа) Наталляй Калевіч, Аленай Кудзінай і Аленай Цялюк.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *