Свята са слязьмі на вачах

Актуально Память

Нібы паўнаводная рака, удзельнікі святочных урачыстасцей, прымеркаваных да Дня Перамогі, рушылі па цэнтральнай вуліцы райцэнтра да помніка вызваліцелям Капыля.

Мітынг на плошчы Леніна

9 мая. Светлае вялікае свята. Бадай, самае вялікае па эмацыянальным настроі, па той асаблівай шчымлівай атмасферы, што лунае ў гэты дзень і аб’ядноўвае ўсіх удзельнікаў урачыстасцей: ці то парад на галоўнай плошчы краіны, ці то невялікі мітынг на вясковых могілках ля абеліска героям вайны.

Фота на памяць

Вось і зноў: чысты блакіт неба, яркае пяшчотнае сонейка, вясёлы і бесклапотны дзіцячы смех, святочнае ўбранства вуліц, букеты веснавых кветак, надзіманыя рознакаляровыя шары. І… бясконцы сум.

Ушанаванне ахвяр капыльскага гета

Сум ад птушынага шчэбету над магіламі абаронцаў Айчыны і ўсіх тых, хто не дачакаўся Перамогі і хто пайшоў з жыцця ўжо ў мірны час. Сум ад мерных удараў метранома, ад стоеных і нястрыманых слёз тых, хто прайшоў дарогамі вайны, і хто ведае яе толькі па кінафільмах і кнігах. Гэтую атмасферу — радасную і ў той жа час урачыстую — адчуваюць нават маленькія дзеці, якія, моцна трымаючыся за маміну руку, з цікавасцю разглядаюць узнагароды, што блішчаць пад майскім сонцам на грудзях ужо нешматлікіх ветэранаў.

Калона рухаецца да помніка вызваліцелям Капыля

Ужо самым юным удзельнікам вайны больш за восемдзесят. З кожным годам усё больш радзеюць іх рады. Аднак не гасне ў іх вачах агеньчык гордасці за перамогу ў самай страшнай вайне ў нашай гісторыі.

Кветкі – ветэрану

Традыцыйна прадстаўнікі працоўных калектываў сабраліся на плошчы імя Леніна г. Капыля, дзе і распачаліся святочныя ўрачыстасці. На мітынгу, прысвечаным Дню Дзяжаўнага герба і Дзяржаўнага флага Рэспублікі Беларусь, выступіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Марыя Сандрозд. Яна гаварыла аб вялікім значэнні, якое маюць у жыцці кожнага грамадзяніна нашай краіны дзяржаўныя сімвалы. Пачэснае права падняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь атрымалі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Баброўскі, настаўнік гімназіі № 1 г. Капыля Мікалай Стульба і вучань Ванелевіцкай СШ, дыпламант ІІІ ступені рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па гісторыі Артур Кандраценка. Затым да помнікаў У. І. Леніна, воінам-афганцам кіраўніцтвам раёна былі ўскладзены кветкі. Ушанавана ў гэты дзень і памяць мірных жыхароў Капыля — вязняў яўрэйскага гета — закатаваных фашыстамі 22 ліпеня 1942 года. Затым удзельнікі святкавання накіраваліся на скрыжаванне вуліц Партызанскай і Цімкавіцкай, дзе і адбыўся мітынг.

Ля помніка воінам-вызваліцелям

Старшыня Капыльскага раённага выканаўчага камітэта Анатоль Жданеня адзначыў, што беларусы ніколі не дзялілі Перамогу на сваю і чужую. Аднак самыя вырашальныя падзеі, якія вызначылі зыход вайны, адбываліся на тэрыторыі Савецкага Саюза, і менавіта Беларусь стала жывым шчытом на шляху ворага. “Аналізуючы ўрокі мінулага, — упэўнены Анатоль Іосіфавіч, — мы робім галоўны вывад: неабходна ўсімі сродкамі не дапусціць паўтарэння трагедыі. І Рэспубліка Беларусь дакладна вытрымлівае курс на добрасуседства, будаўніцтва шматпалярнага свету, строгае выкананне міжнароднага права паміж дзяржавамі. У нашай краіне забяспечаны мір, стабільнасць і бяспека”. Старшыня райвыканкама шчыра павіншаваў усіх жыхароў Капыльшчыны з вялікім святам Перамогі і падзякаваў ветэранам за мірнае неба над галовой і ціхія ранкі, за нашу свабоду і шчасце, за магчымасць радавацца смеху юных капылян, спакойна жыць, працаваць, тварыць, любіць і гадаваць дзяцей.

На турніры па шашках і шахматах

“Ніхто не павінен забываць пра тое, што адбывалася ў далёкія ваенныя гады”, — лічыць ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Татарынчык, які выступіў на мітынгу ад імя прадстаўнікоў старэйшага пакалення. А словы ўдзячнасці ветэранам за магчымасць жыць пад мірным небам выказала ад імя моладзі раёна настаўнік СШ № 3 г. Капыля Святлана Гарохава. Прагучала віншаванне са святам Перамогі і ад раённага ваеннага камісара Сяргея Барташэвіча. Міру і шчасця шчыра жадалі сваім родным і сваёй Радзіме ўсе, хто ў дзень 9 Мая застыў на хвіліну маўчання ў задуменні, хто схіліў галовы ля Вечнага агню, ускладаючы вянкі і кветкі, хто, дакрануўшыся да нашай агульнай гісторыі, стаў у гэты дзень, несумненна, больш моцны духам.

На сцэне - «Санорус»

Пасля ўрачыстага мітынгу святкаванні прадоўжыліся ў зоне адпачынку г. Капыля і на фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Капыляне і госці нашага горада атрымалі вялікае задавальненне ад сустрэчы з музычнай капэлай “Санорус”, змаглі ўдосталь патанцаваць на адкрытай пляцоўцы, паласавацца шашлыкамі, марожаным і іншымі прысмакамі, прапанаванымі райспажыўтаварыствам, нарэшце, проста сустрэцца з сябрамі, знаёмымі і цікава правесці свой вольны час. Аматары спорту не толькі назіралі за футбольнымі баталіямі, што разгарнуліся на стадыёне (футбалісты ФК “Капыль” сустракаліся з камандамі СГФ “Браткава” і ААТ “Семежава”), але гулялі ў шашкі і шахматы, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі. Быў арганізаваны пракат лодак і катамарана на возеры, веласіпедаў і ролікавых канькоў, а самыя маленькія ўдзельнікі свята з захапленнем асвойвалі электрамабілі. Увечары моладзь чакала дыскатэка.

На фізкультурна-аздараўленчым комплексе
Адпачынак на возеры

Маргарыта САКОВІЧ

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА











Адпачынак на возеры

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *