Час вымяраецца гектарамi

Актуально Экономика

У ААТ “Семежава” да 9 мая сяўба яравых будзе  завершана.

Цяпер работы вядуцца на кукурузных палетках. Больш за 300 га гэтай культуры пасеяў Сяргей Каваленка. Пяць год таму хлопец звярнуўся да тадышняга кіраўніка гаспадаркі Анатоля Жданені з просьбай узяць яго на работу ў “Семежава”. Спачатку працаваў вадзіцелем, але хутка атрымаў прапанову ад кіраўніцтва сесці за руль трактара. Вядома ж, вучыўся майстэрству механізатара і, як кажуць, набіваў руку на старэнькім, аднак верыў, што абяцанне Анатоля Іосіфавіча выдзеліць яму новы “Беларус” спраўдзіцца. І сапраўды, у мінулым годзе Сяргей з хваляваннем адчыніў кабіну новенькага МТЗ-82, на якім зараз паспяхова займаецца вырошчваннем кукурузы. У яго абавязках, перш за ўсё, пасеяць гэту культуру, затым весці работы па яе доглядзе. І, вядома, з замілаваннем назіраць, як кукуруза расце, набірае сілы, як спее і наліваецца ў пачатках буйное зерне.

“Зараз Сяргей Каваленка заканчвае засяваць 51-гектарны палетак, — расказвае аграном ААТ “Семежава” Мікалай Кулік. — Тут будзе расці кукуруза беларускай селекцыі гатунку Палескі-212, якая больш прыдатная на сілас. Ужо заўтра (гутарка вялася ў сераду. — Аўт.) да яго далучыцца з пасяўным агрэгатам яшчэ адзін механізатар, і разам яны будуць займацца ўжо сяўбой кукурузы на зерне. Мы аддалі перавагу гатункам фірмы КВС Стэсі, Фабрэгас і Раналдзіньа, якія добра зарэкамендавалі сябе ў нашых умовах. Яшчэ сёння ў складзе маецца 170 тон кукурузнага зерня мінулагодняга ўраджаю, якое мы выкарыстоўваем для прыгатавання канцэнтратаў на корм птушынага пагалоўя”.

Сапраўды, у добрага гаспадара так і павінна быць. Не справа гэта, калі ўвесну даводзіцца, як кажуць, месці па сусеках. А каб мець такі высокі ўра-джай, неабходна прыкласці максімум намаганняў усім, улічыць кожны нюанс, дакладна выконваць патрабаванні тэхналогіі, шчыра аддаючы глебе тое, што ёй патрэбна.

“Пад кукурузу мы ўнеслі ўсе неабходныя мінеральныя ўгнаенні, — працягвае расказ Мікалай Кулік. — Частку з восені, нешта ўжо ўвесну. Маем усе неабходныя тукі і сродкі аховы для апрацоўкі культуры падчас вегетацыйнага перыяду. Усё гэта, спадзяёмся, дасць падставу для атрымання высокага ўраджаю”.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

На здымку: Сяргей Каваленка.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *