Капыляне — у фінале

Актуально Спорт

На мінулым тыдні г. Капыль традыцыйна прымаў занальныя спаборніцтвы абласной спартакіяды дапрызыўнай і прызыўной моладзі па летнім мнагаборстве комплексу “Абаронца Айчыны”.

За першынство змагаліся шэсць раённых каманд — уздзенская, нясвіжская, клецкая, дзяржынская, стаўбцоўская і капыльская.

Кожнай з іх неабходна было пераадолець шэсць відаў: стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, падцягванне, плаванне, кіданне гранаты, бег на 100 і 3000 метраў. У ціры, дзе праходзіў першы від, скажам прама, у капылян атрымалася далёка не ўсё. Нашы землякі паказалі толькі чацвёрты вынік. Але ў ходзе далейшага выступлення юнакі здолелі-такі паправіць сваё становішча ў выніковым пратаколе: трэцяе месца — па падцягванні, другое — па плаванні. Асабліва ўдалося капылянам кіданне гранаты, дзе яны былі недасягальнымі для сапернікаў і паказалі найлепшы вынік. Іншыя ж каманды, то перамагаючы ў адным відзе, то адстаючы ў другім, ішлі да фінішу менш упэўнена. Нават пятае месца капылян па бегу на 100 і 3000 метраў не пакінула астатнім ніякіх шанцаў. Наша каманда ўжо каторы год становіцца пераможцай спабор-ніцтваў, набраўшы лепшую суму двухдзённага турніру (691 ачко).  Другую прыступку п’едэстала гонару занялі мнагаборцы з Узды, а нясвіжскія абаронцы Айчыны сталі трэцімі.

Фінал абласных спаборніцтваў пройдзе 19 — 20 красавіка ў г. Маладзечна, куды будуць адабраны 12 лепшых каманд Міншчыны, сярод якіх  і нашы землякі.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *