Капыльская зямля стала для мяне другой радзімай

Актуально

6 ліпеня на абласной прафсаюзнай канферэнцыі М. Т. Бода быў абраны старшынёй Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Восем апошніх гадоў ён узначальваў раённую “вертыкаль” Капыльшчыны. За шматгадовую плённую працу, прафесіяналізм, рэзультатыўнасць кіраўнічай дзейнасці, значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёну Міхаіл Тарасавіч узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Чаго ўдалося дасягнуць і якія перспектывы развіцця раёна – аб гэтым наша сённяшняя размова.

— Міхаіл Тарасавіч, у адным з інтэрв’ю я ў Вас спытала, як выглядае наш раён і горад на фоне іншых куточкаў Беларусі, дзе Вам давялося пабываць. Тады Вы адказалі коратка: “Тут маё жыццё, мая сям’я, мая работа. Таму, як кажуць, я ўжо прырос да капыльскай зямлі, яна стала для мяне другой радзімай. І раён, і горад – адны з лепшых, дзе мне давялося пабываць”.

— Я і сёння так думаю і адчуваю. За 8 гадоў нам з кіруючымі кадрамі раёна ўдалося значна прыбавіць у сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёну. Пастараюся паказаць гэта з дапамогай лічбаў. Падводзячы вынікі сваёй работы ў раёне, я пра-аналізаваў ход выканання асноўных прагнозных паказчыкаў. На працягу апошніх гадоў назіраецца дадатная дынаміка развіцця ва ўсіх сферах. Самым удалым быў 2008 год, за які выкананы ўсе асноўныя прагнозныя паказчыкі. У мінулым, па аб’ектыўных прычынах, па трох мы не дасягнулі ўзроўню 2008 года (вытворчасць спажывецкіх тавараў у супастаўных цэнах склала 95,8%, сельскагаспадарчай прадукцыі – 99%, экспарт тавараў – 89%). Па ўсіх астатніх ёсць дынаміка тэмпаў росту.

— А як выглядае іх сярэднегадавы рост да 2001 года?

— Зноў жа будзем гля-дзець у супастаўных цэнах. Калі ў 2001 годзе прадукцыі прамысловасці было выпушчана на 10 557 млн руб., то ў 2009 – на 94 332 млн, сярэднегадавая прыбаўка – 551,9 млн руб., ці рост у 2 разы; па спажывецкіх таварах сярэднегадавая прыбаўка склала 373,5 млн рублёў (у 2,2 раза), інвестыцыі ў асноўны капітал – 1438,9 млн руб. (у 5,6 раза), экспарт тавараў – 368,9 млн руб. (у 6 разоў), рознічны тавараабарот – 352,8 млн руб. (у 3 разы).

— А як развіваўся аграпрамысловы комплекс раёна?

— Што тычыцца вядучай галіны раёна, то адзначу, што ў цэлым сельская гаспадарка за гэтыя гады значна змянілася. Адбылося тэхнічнае перааснашчэнне як у раслінаводстве, так і жывёлагадоўлі з 50% да 100% па асобных відах. Напрыклад, мы абнавілі на 100% камбінаваныя пасяўныя агрэгаты, плугі, бурака-ўборачныя камбайны, кормаўборачныя – на 64%, на 75% — збожжаўборачныя. Значная работа праведзена па перааснашчэнні збожжасушыльнай гаспадаркі.

Шмат зроблена і па тэхнічным перааснашчэнні жывёлагадоўчых памяшканняў пад сучаснае ўтрыманне і кармленне дойнага статка БРЖ, пабудавана МТФ “Андросаўшчына”. Усё гэта дало станоўчы рэзультат. Так, вытворчасць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў супастаўных цэнах у 2009 годзе ў параўнанні з 2002 склала 183,3%, сярэднегадавы тэмп росту – 109,6%. Вытворчасць БРЖ, свіней, птушкі – 157,3%, малака – 164,1%, яго рэалізацыя склала 183,2%, рэалізацыя жывёлы і птушкі – 156,1%. Сярэдні надой ад каровы з 2949 кг узрос да 4727 кг. Значна павялічыліся сярэднясутачныя прывагі. Калі ў 2002 годзе на адкорме БРЖ яны складалі 375 г, то ў 2009 ужо 583 г, свіней, адпаведна, 296 і 489 грамаў. Больш чым на тысячу павялічылася колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы.

Калі  ў  2002  годзе  мы  атрымалі  ў  амбарнай  вазе 95 257 т збожжа, то ў мінулым годзе намалацілі ўжо 150775,6, або 158,3%, цукровых буракоў, адпаведна, 45 119 і 192951,4 тоны, ці 427,6%, рапсу 1533 і 8329,2 тоны, ці 543,3%, ільновалакна 137 і 345,4 тоны (252,1%). Значна вырасла і ўраджайнасць сельгаскультур.

— Міхаіл Тарасавіч, у раёне шмат зроблена для паляпшэння жыццезабеспячэння насельніцтва.

— Так, наша сацыяльная сфера сёння, лічу, на дастойным узроўні. Мы абсталявалі 12 аграгарадкоў з усёй інфраструктурай. Сёлета яшчэ тры ўзводзяцца. За гэтыя гады пабудавана 713 дамоў на сяле.

Узведзены новы корпус бальніцы, заканчваецца рэканструкцыя старога. Шмат зроблена па прывядзенні ў належны стан устаноў культуры, адукацыі, гандлёвых аб’ектаў, па добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў, вытворчых аб’ектаў.

— Вы заўсёды адзначалі, што існуе вялікі патэнцыял для далейшага развіцця раёна.

— І сёння яшчэ раз паўтаруся: рэзервы ёсць, кадры раёна ведаюць пра іх. Упэўнены, што яны прыкладуць усе намаганні, каб сацыяльна-эканамічнае развіццё Капыльшчыны працягвалася, і, у першую чаргу, за кошт развіцця малога і сярэдняга бізнесу ў раёне, прыцягнення інвестыцый.

— Дзякуй за размову і дазвольце яшчэ раз павіншаваць Вас з абраннем на высокую пасаду. Пажадаць моцнага здароўя, няхай Вам спадарожнічаюць поспех і ўдача ва ўсіх справах.

Гутарыла

Таццяна РАІЦКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *