Высокі статус абрада «цары» пацвердзіў сертыфікат

Культура

Значнай падзеяй у культурным жыцці нашага раёна стала ўнясенне каляднага абраду “Цары” в. Семежава ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, якая патрабуе тэрміновай аховы. І вось сёлета, на VI Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які прайшоў з 24 па 27 чэрвеня ў г. п. Акцябрскі Гомельскай вобласці, калектыву мастацкай самадзейнасці Семежаўскага Цэнтра культуры і адпачынку, які аднавіў і выконвае абрад “Цары”, быў уручаны адпаведны сертыфікат.

Як расказала дырэктар установы культуры Таццяна Шаура, творчасць калектыву высока ацанілі намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі і старшыня Нацыянальнай камісіі па справах UNESCO Уладзімір Шчасны, якія і ўручылі сертыфікат.

— Гэта азначае, — упэўнена Таццяна Уладзіміраўна, — што абрад “Цары” набыў вельмі высокі статус, за яго развіццём будзе наглядаць міжнародная камісія і аказваць пэўную дапамогу. Гэта першы і адзіны на Беларусі абрад такога высокага кшталту. Мае аднавяскоўцы вельмі ганарацца такой ацэнкай нашага абраду і пры сустрэчах заўсёды выказваюць удзячнасць удзельнікам гурта за тое, што яны аднавілі абрад, прапагандуюць яго сярод жыхароў Капыльшчыны і ўсёй Беларусі. Мы, у сваю чаргу, прыкладзём усе намаганні, каб жылі нашы абрады, песні, танцы, якія прыйшлі з даўніх часоў. Будзем засвойваць іх, рабіць натуральнымі ў сённяшнім ужытку. Галоўнае — перадаваць з пакалення ў пакаленне не толькі знешнюю форму, але і глыбокую духоўную сутнасць народнай традыцыйнай культуры.

Распытвала Маргарыта САКОВІЧ

НА ЗДЫМКУ: сертыфікат Т. Шаура, К. Нячаю і Г. Ціманаву ўручае старшыня Нацыянальнай камісіі па справах  UNESCO Уладзімір Шчасны.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *