Усяго на крок ад п’едэстала

Актуально Спорт

У суботу, 18 лютага, у Лагойскім раёне на лыжна-біятлоннай базе «Заечая паляна» праходзіла абласное зімовае спартыўнае свята «Лыжная гонка на прызы Мінаблвыканкама» ў праграме «Беларуская лыжня-2012», дзе спаборнічалі кіруючыя работнікі апаратаў гар- і райвыканкамаў, структурных падраздзяленняў аблвыканкама, абласных арганізацый. Традыцыйна ў мерапрыемстве прыняла ўдзел дэлегацыя Капыльскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Анатолем Жданенем.

Дэлегацыя Капыльскага раёна

У 11 гадзін аматары здаровага ладу жыцця выстраіліся на ўрачыстае адкрыццё мерапрыемства. З прывітальным словам да ўдзельнікаў  звярнуўся губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура, які, у прыватнасці адзначыў, што  лыжная гонка на прызы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта штогод збірае ўсіх жадаючых памерацца сіламі і атрымаць зарад бадзёрасці. Яна аб’ядноўвае людзей у імкненні да фізічнай і духоўнай дасканаласці.

Капыляне падчас перадачы эстафеты

Першымі на старт выйшлі работнікі гар- і райвыканкамаў. У склад каманды ўваходзілі тры мужчыны і адна жанчына. На дыстанцыю 4х1500 м капыляне выйшлі пад дваццатым нумарам. З кожным этапам нашы спартсмены набліжаліся да лідараў гонкі. І ў выніку на фінішы каманда Капыльскага райвыканкама была чацвёртай з 22 квартэтаў. А перамогу ў гонцы, як і ў мінулым годзе, святкавалі аматары здаровага ладу жыцця Барысаўскага райвыканкама. Другое месца заняла каманда Жодзінскага гарвыканкама, трэцяе – Мінскага райвыканкама.

Пасля невялікай паўзы на старт выйшлі структурныя падраздзяленні аблвыканкама, абласныя арганізацыі.  Выдатная фізічная падрыхтоўка і ў гэтым годзе не падвяла супрацоўнікаў упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. Ім дастаўся кубак і “залатыя” медалі спаборніцтваў. На другім месцы апынулася каманда Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці, а “бронза” дасталася лыжнікам упраўлення аховы здароўя.

Як заўсёды, для гасцей спартыўнага відовішча былі салдацкая каша (прычым і грэцкая, і ячная) і гарачы чай. З задавальненнем фатаграфаваліся з аматарамі здаровага ладу жыцця і шматлікія роставыя лялькі. Лыжна-біятлонную базу “Заечая паляна” ўдзельнікі свята пакідалі з выдатным настроем, сагрэтыя зімовым ласкавым сонейкам.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *