На Капыльшчыне прайшла акцыя “Мы побач з вамі»

Актуально Маладзёжная палітыка

З мэтай актывізацыі ўзаемадзеяння органаў унутраных спраў і Беларускага рэспубліканскага  саюза моладзі з 1 па 12 лютага ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці праводзілася дабрачынная акцыя «Мы побач з вамі».

Мэта акцыі — аказанне дапамогі адзінокім і пажылым вяскоўцам ва ўмовах моцных маразоў. Пачысціць снег у двары, насекчы і прынесці ў хату дровы, падпаліць печ, забяспечыць вадой, схадзіць у магазін — гэту работу бяруць на сябе валанцёрскія атрады.

Не засталіся ўбаку і члены Капыльскага райкама «БРСМ», супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх. Першы сакратар райкама ГА «БРСМ» Наталля Гарбацэвіч і малодшы лейтэнант міліцыі Віталь Сянькевіч на свае вочы ўпэўніліся, як падлеткі дапамагаюць людзям паважанага ўзросту. Разам з валанцёрамі прафесіянальна-тэхнічнага каледжа яны наведаліся да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Фяр’яна Антонавіча Сапешкі. Дапамагае яму, як аказалася, моладзь фактычна на працягу ўсяго года.  Як паведаміла жонка ветэрана Лідзія Баляславаўна, выхаванцы капыльскага каледжа — частыя госці ў іх двары. «Вясной і гной вывезуць, і бульбу дапамогуць пасадзіць, і вады наносяць. Вельмі добрыя дзеці! Асабліва хлопцы спраўныя, — расказвае жанчына. — Спачатку думала, што яны не справяцца, але адзін хлопчык запэўніў: «Бабуля, не хвалюйцеся. Я дома сам усё раблю, паглядзіце — будзеце яшчэ дзякаваць». І сапраўды, з усім справіліся! Вось сёлета яшчэ трэба плот нам памяняць. Абавязкова будзем гэтых хлопцаў прасіць».

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

На здымку: Падчас акцыі.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *