З цёплам словам і душэўнай песняй

Экономика

Чарговы дзень жывёлавода адбыўся на мінулым тыдні ў сельгасарганізацыях раёна

А. Міхайлоўская ўручае падзяку І. Станевічу

Разам са спецыялістамі аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Аленай Міхайлоўскай, Ларысай Юха, адказнай ад райсельгасхарчу – супрацоўніцай райветстанцыі Вольгай Шыманскай, намеснікам дырэктара ААТ “Капыльскі райаграсэрвіс” Анжэлай Канончык, спецыялістамі сельгасфіліяла “Браткава” і ўдзельнікамі аўтаклуба РЦК мы наведалі цэнтральную малочнатаварную ферму гаспадаркі.

Як адзначыла падчас сустрэчы галоўны эканаміст СГФ  “Браткава” Наталля Зяньковіч,  ферма з’яўляецца ў гаспадарцы лідарам. На ёй сканцэнтравана найбольшае пагалоўе. Зараз тут дояць 9,7 кг ад адной каровы, таварнасць малака – 89%. Па выніках мінулага года на ферме выканана даведзенае заданне па вырошчванні маладняку. Сярод лідараў Іван Станевіч, Міхаіл Стралец, Леанід Кашуба. Ім былі ўручаны падзякі-маланкі ад імя старшыні райвыканкама. А лепшымі сярод аператараў машыннага даення названы Вера Казак з МТФ “Заракаўцы”, Людміла Паплаўская з МТФ “Браткава” і Тамара Кашуба з МТФ “Дзягцяныя”. Галоўны эканаміст пазнаёміла з задачамі на 2012 год і ўмовамі аплаты працы. Жывёлаводы таксама змаглі падзяліцца набалелымі праблемамі.

Дырэктар аўтаклуба РЦК Андрэй Загорскі падарыў прысутным музычныя падарункі, а кіраўнік гуртка Браткаўскага СДК Марына Бурак прачытала байкі.

У ААТ “Піянер-Агра” была наведана МТФ “Ванелевічы”. Намеснік дырэктара Ганна Бахта падвяла вынікі работы за мінулы месяц і павіншавала лідараў Таццяну Ясючэню, Наталлю Лапотка і Тамару Задруцкую. Да віншаванняў далучыліся супрацоўнікі Ванелевіцкага СДК, мясцовай бібліятэкі і аўтаклуба.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *