Незабыўныя імгненні спартакіяды

Актуально Людзі, падзеі, факты зямлі капыльскай Спорт

Правядзенне спартакіяд — неад’емная частка добрых спартыўных традыцый нашага раёна, у якой падтрымка актыўнага, здаровага ладу жыцця займае асобае месца. Вось і сёлета яшчэ раз гэта пацвердзіла зімовая спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу, якая адбылася ў мінулую суботу.  Аргкамітэт спартакіяды атрымаў заяўкі ад 25 каманд. І кожная з іх прыбыла на фізкультурна-аздараўленчы комплекс горада не толькі з надзеяй проста паўдзельнічаць.

Удзельнікаў вітаюць І. Кісляк, А. Жданеня, В. Васілеўскі

Аматараў спорту працоўных калектываў (агульная колькасць удзельнікаў без уліку гасцей склала каля 200 чалавек) віталі старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, першы намеснік старшыні райвыканкама начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк, начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Віктар Васілеўскі. Паколькі большасць удзельнікаў ужо дасведчаныя «байцы», то адразу ж пасля ўзняцця флага кожны адправіўся рыхтавацца да выступлення ў сваім відзе праграмы.

Заключны этап эстафеты

Дарэчы, у спартыўным турніры адбыліся ў параўнанні з папярэднім невялікія змены. Сёлета выключаны лыжныя гонкі, а іх месца заняў гіравы спорт, які летась ішоў па-за агульнакамандным залікам спартакіяды. Але першымі на старт практычна адначасова выйшлі плыўцы, гатовыя заваяваць воды вялікага басейна, а ў спартзале — удзельніцы, якія адстойвалі гонар каманды ў сектары для скачкоў на скакалцы.  Баявы дух, ды і выдатная спартыўная форма дазволілі Аляксандру Эмрыху і Марыі Краўчанка прынесці ў скарбонку каманды ААТ «Старыца-Агра» першую перамогу, якую дуэт здабыў у плаванні. На ўсе сто працэнтаў пацвердзіла сваё прозвішча Святлана Первая з РСУП «Бабоўня», якая стала пераможцай у скачках на скакалцы. А паколькі ў гэтым відзе праграмы жанчыны аднаасобна прадстаўлялі свой калектыў, то ў залік бабаўнянскіх аматараў здаровага ладу жыцця была запісана і камандная вікторыя.

Падняцце гіры

Тая ж сітуацыя склалася і ў дужых хлопцаў, якія выйшлі на памост, дзе спартыўным снарадам была паўтарапудовая гіра. У рыўку не было роўных старыцкаму асілку Паўлу Акатаву, які адной рукой зрабіў 52 заліковыя пад’ёмы… Удалым гэты дзень стаў і для прадстаўнікоў СГФ «Руднае» — лепшую суму ачкоў у кіданні дроцікаў (дартс) сярод каманд паказалі Віталь Купрыянчык і Наталля Матус.

Каманды ААТ «Капыльскі МСЗ», «Старыца-Агра» і РСУП «Бабоўня»

Самай відовішчнай, без сумнення, стала камбінаваная эстафета, якая прайшла на адкрытым паветры. Дзве жанчыны і двое мужчын з кожнай сельгасарганізацыі маглі значна па- правіць становішча сваёй каманды, паколькі гэты від у палажэнні меў падвойны каэфіцыент. У выніку так і атрымалася. Старт спачатку бралі мужчыны, якія на санках імчалі на другі этап жанчын, дзе ўжо чакалі наступныя ўдзельнікі хуткаплыннага і вельмі забаўнага віду. Тыя, у сваю чаргу, пасля прабежкі на кароткую дыстанцыю весела скочваліся з горкі пры дапамозе “салазника” і перадавалі эстафету лыжнікам. Практычна перад фінішам  ім неабходна было трапіць з пнеўматычнай вінтоўкі ў мішэнь біятлоннай устаноўкі і закончыць камбінаваную эстафету. Тройка прызёраў гэтага віду і заняла тры ступені п’едэстала гонару. Квартэт ААТ «Капыльскі МСЗ», а гэта Раман Ждан, Юлія Матузко, Ілля Раманаў і Зарына Мароцкая, прынёс перамогу сваёй камандзе, значна паправіўшы становішча ў агульнакамандным заліку. У іх — другое месца спартакіяды. РСУП «Бабоўня» ў апошнім відзе было другой, а ў выніковым пратаколе заняло трэці радок. А «бронза» камбінаванай эстафеты стала «залатой» для каманды ААТ «Старыца-Агра».

Арганізатары спартакіяды — упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, райкам прафсаюза работнікаў АПК, аддзел фізкультуры, спорту і турызму — падрыхтавалі дастойныя грашовыя і каштоўныя прызы. Але атмасфера, у якой прайшло спартыўнае відовішча, прынесла незабыўныя імгненні для кожнага ўдзельніка.

Як вядома, заняткі спортам дапамагаюць не толькі ўмацаваць здароўе, але і выхоўваюць у чалавека мэтанакіраванасць і арганізаванасць. Трэба адзначыць, што людзі, якія валодаюць гэтымі якасцямі, уносяць у паўсядзённы рытм калектыву добры настрой, згуртаванасць і пачуццё адказнасці за вынік.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *