«Запалi сваю зорку»

Общество

– пад такой назвай 1 снежня ў раённым Цэнтры культуры адбыўся фестываль творчасці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. У мерапрыемстве прымалі ўдзел калектывы і асобныя выканаўцы навучальных устаноў раёна, якіх кампетэнтнае журы ацэньвала па пяці намінацыях: вакал, харэаграфія, размоўны жанр, малюнак і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

С. Ждановіч уручае ноўтбук І. Сташэўскай

На гэты фестываль, як заўсёды, прыходзіць шмат ганаровых гасцей. Сёлета на свята дзіцячай творчасці завіталі намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеў-ская, начальнік аддзела культуры Наталля Царкова, музычны прадзюсар і кампазітар Сяргей Ждановіч, I сакратар РК ГА “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч, старшыня раённай арганізацыі таварыства Чырвонага крыжа Ніна Жук, дырэктар Капыльскага ТЦСАН Святлана Маліноўская, а таксама інвестары з Кітайскай Народнай Рэспублікі і валанцёры з г. Мінска. Адкрыў фестываль начальнік аддзела адукацыі Аляксей Абросімаў.

У фае РЦК разгарнулася выстава дзіцячых работ, дзе былі прадстаўлены малюнкі, вышыванкі, іншыя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. А ўжо са сцэны дзеці з абмежаванымі магчымасцямі здароўя дэманстравалі гледачам чытальніцкія, танцавальныя, вакальныя і харэаграфічныя здольнасці. Кожнае выступленне юных талентаў аўдыторыя адорвала шчодрымі апладысментамі. Паміж конкурснымі нумарамі сваё майстэрства паказвалі выхаванцы гарадскіх навучальных устаноў, дзіцячай школай мастацтваў, цэнтра дзіцячай творчасці. Пасля больш чым дзвюх гадзін (прыкладна столькі доўжыўся фестываль) журы падвяло вынікі, і канкурсанты атрымалі заслужаныя ўзнагароды і падарункі.

Інсцэніроўка байкі «страказа і мурашка»

Стымуляванне творчасці, развіццё сістэмы рэабілітацыі і сацыяльнай інтэграцыі сродкамі культуры – адзін з важных элементаў у рабоце з дзецьмі-інвалідамі. Гэта не проста юныя таленты – гэта мужныя людзі, якія здолелі знайсці сябе ў творчасці насуперак усім перашкодам. Побач з імі – неабыякавыя педагогі, іх бацькі, якім таксама патрэбна падтрымка і прызнанне грамадства.

Вялікую дапамогу ў арганізацыі фестывалю аказалі старшыня абласнога прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай Башко, старшыня раённай грамадскай арганізацыі “Белая Русь” Марыя Сандрозд, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Людміла Камёнка, адміністрацыі ААТ  “Семежава”, “Піянер-Агра”, “Капыльскі райаграсэрвіс”, МАУП “Доктаравічы”, СГФ “Браткава”, ДП “Грозава-агра”.

Не абышоўся фестываль без прыемных сюрпрызаў. Так, вядомы зямляк Сяргей Ждановіч для больш плённай працы калектыву ўручыў ноўтбук дырэктару Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ірыне Сташэўскай. А напрыканцы свята цяпло сваіх песень падарылі беларускія артысты Паліна Ждановіч, Вольга Сацюк, Андрэй Хлястоў, Сяргей Мінскі, Андрэй Шумак і група “Джаз гоў”.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *