Грацыя і пластыка ад Святланы Салаўёвай

Спорт

Святлана Салаўёва

Калі вы стаміліся праводзіць вольны час на канапе, а лішнія кілаграмы даюць сябе адчувць, то надышла пара заняцца сваім целам. Заняткі аэробікай як нельга лепш адпавядаюць духу сучаснай жанчыны, ды і мужчыны таксама, тым больш, што існуе мноства кірункаў гэтага віду спорту. Спачатку трэба проста вызначыцца, які вынік хочаце атрымаць ад фізічнай нагрузкі. У гэтым вам дапаможа трэнер фізкультурна-аздараўленчага комплексу Святлана Салаўёва.

Па словах Святланы Мікалаеўны, сёння ў сучасным грамадстве існуе вя-лікая праблема — маларухомы лад жыцця. Адсюль і ўсе хваробы. “Наогул, тым, у каго рабочы дзень праходзіць за сталом, заўсёды трэба сачыць за сабой. Нездарма цяпер у калектывах прадпрыемстваў і арганізацый уводзяць фізкультхвілінкі. Гэта проста супер: абавязкова мышцам трэба расслабляцца! — з веданнем справы канстатуе Святлана Салаўёва. — Нават самыя элементарныя рухі зрабіць на працягу некалькіх хвілін: плячамі, рукамі, галавой. Дарэчы, такія паўзы многія выкарыстоўваюць для таго, каб, седзячы, выпіць каву ці чай, ізноў жа — паесці. Таму з-за такога ладу жыцця столькі людзей у аптэках стаяць па лекі, каб зняць розны боль. Ну, а калі ў вас не атрымліваецца быць заўсёды ў форме — прыходзьце да нас. Навучым правільна дыхаць, рухацца, расслабляцца”.

Кожны год Святлана Мікалаеўна ўводзіць у практыку самыя сучасныя кірункі. Так, летась да ўжо распаўсюджаных стэпа, шэйпінга, фітбола, усходніх танцаў, на якія ёсць попыт, дабавілася навінка — пілатас, які ўжо стаў папулярным ва ўсім свеце. Гэты метад робіць упор на ўзаемадзеянне розуму і цела пры выкананні практыкаванняў. Пілатас умацоўвае мышцы прэса, паляпшае баланс, каардынацыю і змяншае стрэс. Практыкаванні бяспечныя і падыходзяць для шырокага ўзроставага спектра. Да-дзеная сістэма атрымала найвялікшае прызнанне зусім нядаўна.

Ідуць заняткі па фітболе

Калі вы думаеце, што ў групы да Святланы Мікалаеўны прыходзяць маладыя і стройныя, — глыбока памыляецеся. Ёсць, канечне, і такія, але ў большасці — гэта самыя звычайныя жанчыны. “У групы ходзяць людзі розных узростаў. Цяпер з-за парушэнняў абмену рэчываў нават у маладых ёсць праблемы з лішняй вагой, хтосьці адчувае неабходнасць умацаваць сваё здароўе, — расказвае Святлана Мікалаеўна. — І вельмі добра, што людзі, якія прыходзяць да мяне на заняткі (усяго — каля 60 жанчын), знаходзяць для гэтага час: акрамя гімнастыкі ім жа неабходна ўдзяліць увагу сям’і, пасля работы штосьці прыгатаваць. Яны проста малайцы! І тут вялікі плюс трэба паставіць мужчынам, якія, відаць, падтрымліваюць іх матывацыю”.

Таму адзінае, што вам неабходна зрабіць, каб добра выглядаць і адчуваць сябе на ўсе сто — прыйсці на заняткі да Святланы Салаўёвай.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *