Ці прываблівае Капыль інвестараў, або Што робіцца для вырашэння гэтай праблемы

Мясцовая ўлада

Пленарнае пасяджэнне ХVII сесіі раённага Савета дэпутатаў адбылося адразу пасля аб’езду. Заслухана справаздача  райвыканкама аб ходзе рэалізацыі на тэрыторыі раёна патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №10 ад 6 жніўня 2009 года “Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”. Выступіла намеснік старшыні райвыканкама начальнік аддзела эканомікі Ала Раманоўская.

Яна, у прыватнасці, адзначыла, што райвыканкамам прымаліся пэўныя меры па прыцягненні інвестыцый у эканоміку раёна, актывізацыі інвестыцыйнай дзейнасці, рэалізацыі інвестыцыйных праграм і праектаў. У выніку за 9 месяцаў гэтага года прыцягнута больш за 108 млрд рублёў інвестыцый праз усе крыніцы. Тэмп росту да ўзроўню мінулага года склаў 75,7% у супастаўных цэнах (у фактычных – 101,7%). За ўвесь 2010 год было асвоена 148 млрд рублёў інвестыцый, або 111,5% да 2009 года.

Суб’ектамі гаспадарання за-ключана 6 інвестыцыйных дагавораў у рамках патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта №10 для рэалізацыі іх на тэрыторыі раёна. Планавая сума інвестыцый па гэтых праектах – 55 млрд рублёў. У стадыі рэалізацыі знаходзяцца 4.

Ала Антонаўна адзначыла, што летась заключаны 3 інвестыцыйныя дагаворы паміж Мінскім аблвыканкамам, СТАА “БетонБокс”, ААТ “Агракамбінат “Дзяржынскі”, СТАА “Экапанцэрс”. Але з апошнім дагавор скасаваны, бо не пачата яго асваенне ўжо працяглы час. Паспяхова ўкараняецца інвестпраект СТАА “БетонБокс”, тэрмін рэалізацыі якога — 2010-2014 гады, сума плануемых інвестыцый – 4,5 млн еўра.

Дадзенае прадпрыемства ўнесла пэўны ўклад у бюджэт раёна – выплачана 145 млн рублёў падатку (у асноўным падаходны), працуе на ім больш за 100 чалавек мясцовага насельніцтва.

Ала Раманоўская акцэнтавала ўвагу прысутных на трох інвестыцыйных дагаворах, якія заключаны ў 2011 годзе. Так, на рэканструкцыю кандытарскага цэха ТАА “Саліта” ў горадзе Капылі сума інвестыцый складзе 1,3 млрд руб., канчатковы тэрмін рэалізацыі – сакавік 2012 года.

Будаўніцтвам гандлёвых радоў у горадзе Капылі будзе займацца ПГУП “Колмакс-Строй”. Сума інвестыцый – 2,5 млрд рублёў. Будаўніцтва плануецца закончыць у сакавіку 2013 года.

Вытворчасць паліўных гранул з саломы будзе ажыццяўляць ТАА “Копыль Био” каля вёскі Чарнагубава. Плануецца стварыць 20 працоўных месц, сума інвестыцый складзе 2,5 млрд рублёў.

Акрамя вышэйназваных праектаў актыўную інвестыцыйную дзейнасць згодна з бізнэс-планамі развіцця вядуць такія прадпрыемствы, як ТАА “Сармат будаўнічыя тэхналогіі”, СТАА “Капыльская вытворчасць будаўнічых сістэм”, асвоена 453 млн рублёў у гэтым годзе на мадэрнізацыю вытворчых магутнасцей.

Акрамя камерцыйных прад-прыемстваў без ведамаснай падпарадкаванасці, актыўную інвестыцыйную дзейнасць праводзяць сельскагаспадарчыя арганізацыі: ААТ “Ціміразеўскі” – 7,6 млрд рублёў, МАУП “Доктаравічы” – 4,4 млрд, ААТ “Старыца-Агра” – 9,3 млрд, “Капыльскае” – 5,6 млрд, “Піянер-Агра” – 4,1 млрд, “Скабін” – 3,6 млрд, ЗАТ “Жыліхава” – 3,3 млрд рублёў.  Усе сельгасарганізацыі ўносяць асноўны ўклад у асваенне інвестыцый, імі накіравана ў эканоміку 53,8% сродкаў ад сумы ўсіх інвестыцый раёна.

Што робіцца ў раёне для прыцягнення інвестараў? Намеснік старшыні райвыканкама расказала, што ў дадзеным пытанні вялікую ролю адыгрывае інфармацыя, якая размешчана на сайце райвыканкама аб інвестыцыйнай прывабнасці раёна. Па даручэнні Мінаблвыканкама пастаянна праводзіцца работа па фарміраванні зямельных участкаў для аўкцыёнаў і інвестараў. Праводзіцца работа па прыцягненні ў абарот нявыкарыстанай маёмасці, якая знахо-дзіцца ў камунальнай уласнасці. У мінулым годзе прададзены на аўкцыёне на ўмовах Указа Прэ-зідэнта №108, г. зн. за адну базавую велічыню, два аб’екты, якія пэўны час не эксплуатаваліся: будынак былой Грозаўскай школы і будынак з незавершаным будаўніцтвам гандлёва-грамад-скага цэнтра ў в. Слабада-Кучынка. Уласнік будынка ў Грозаве – архітэктурна-будаўнічае ўнітарнае  прадпрыемства “Даумонт” з г. Салігорска, якое плануе арганізаваць дом адпачынку. На аб’екце ў Слабада-Кучынцы работы, на жаль, не вядуцца. Будынак выкупіла ТАА “Балтыйская рэгіянальная кампанія” з г. Мін-ска і планавала размяшчэнне вытворчасці мыючых сродкаў. Падрыхтаваны праект рэканструкцыі, які будзе прадстаўлены на зацвярджэнне да канца года.

У верасні прададзены два будынкі КУП “Капыльская ЖКГ”, якія размешчаны ў аг. Скабін. Пакупніком выступіла ТАА “Аграбеет”. Плануецца стварыць не менш за 20 працоўных месцаў і выкарыстоўваць пляцоўкі для перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. У лістападзе адбыўся аўкцыён па продажы будынка лазні ў в. Дусаеўшчына. Пераможца аўкцыёна – замежнае ўнітарнае прыватнае  прадпрыемства па аказанні паслуг “Рымянский остров”, якое плануе арганізаваць тураператарскую дзейнасць.

Ала Антонаўна зазначыла, што ў раёне створаны спрыяльныя ўмовы для актыўных і ініцыятыўных людзей, распрацавана праграма падтрымкі прадпрымальніцтва. Усяго ў малым і сярэднім бізнэсе занята больш за адну тысячу чалавек, зарэгістраваны 382 індывідуальныя прадпрымальнікі і 114 юрыдычных асоб. Імі таксама ўносіцца пэўны ўклад у інвестыцыйную палітыку раёна. Так, прыватнае прадпрыемства “ДеликатесТорг” сёлета ўвяло ў дзеянне міні-кафэ на 19 пасадачных месцаў. Адкрыта цырульня “Гламур” прыватнага прадпрыемства “Милашка”, прыватнае ўнітарнае прадпрыемства “Евроторгмаркет” актыўна пачало будаўніцтва магазіна з кафэ ў цэнтры горада. Праведзены выбар зямельнага ўчастка і выдадзены дазвол на будаўніцтва прыдарожнага кафэ прыватнаму ўнітарнаму прадпрыемству “Айсбергпродукт” на ўскрайку горада.

Аднак, як адзначыла прамоўца, не заўсёды эфектыўным з’яўляецца выбар патэнцыяльных інвестараў, маюць месца выпадкі недастатковага фінансавага забеспячэння інвестыцыйных праектаў, незацікаўленасці асобных інвестараў у ажыццяўленні практычных дзеянняў. На жаль, не ўсё залежыць ад райвыканкама ў пытаннях рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта №10. “Ідзём насустрач інвестарам, выбіраем пляцоўкі, дапамагаем рыхтаваць дакументацыю, а праект не рэалізуецца”, — адзначыла Ала Раманоўская. Яна назвала шэраг прадпрыемстваў, якія так і не пачалі работы на тэрыторыі раёна.

Разам з тым, было падкрэслена, што ў нас яшчэ шмат рэзерваў і магчымасцей для развіцця тэрыторый, маецца шмат пустуючых і нявыкарыстаных аб’ектаў, якія можна прапанаваць патэнцыяльным інвестарам для размяшчэння вытворчых памяшканняў ці для аказання паслуг насельніцтву.

На сесіі таксама выступілі начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Людміла Матусевіч, намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Капыльскім раёне Валянціна Булат. Старшыня райвыканкама Анатоль ЖданенЯ акцэнтаваў увагу на ролі інвестыцый у эканоміцы раёна. Гэта — і стварэнне высокатэхналагічных магутнасцей, і дадатковыя рабочыя месцы, а значыць — вялікі ўклад у эканоміку раёна. Анатоль Іосіфавіч заклікаў усе службы праявіць асаблівую зацікаўленасць у прыцягненні інвестыцый, тым самым даць яшчэ большы штуршок для развіцця эканомікі раёна.

Капыльскі раённы Савет дэпутатаў па дадзеным пытанні прыняў рашэнне “Аб ходзе рэалізацыі на тэрыторыі Капыльскага раёна патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №10 ад 6 жніўня 2009 года “Аб стварэнні дадатковых умоў для інвестыцыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, у якім работа райвыканкама па выкананні патрабаванняў  па  вышэйназваным дакуменце прызнана недастатковай.

Рэкамендавана райвыканкаму ўмацаваць кантроль за рэалізацыяй інвестыцыйных праектаў, актывізаваць работу з інвестарамі ў мэтах павелічэння паступлення  інвестыцый у эканоміку раёна.  Неабходна праводзіць работу па пошуку  пер-спектыўных інвестараў, шырокім рэкламаванні інвестыцыйнай прывабнасці раёна; стымуляваць далейшае развіццё прадпрымальніцтва. Больш шырока прадстаўляць малым і сярэднім прадпрыемствам у арэнду будынкі, зямельныя ўчасткі, іншую нерухомасць на льготных і іншых прадугледжаных заканадаўствам умовах. Сельскім Саветам дэпутатаў рэкамендавана на аснове пастаяннага і сістэмнага аналізу дынамікі развіцця і становішча спраў у сферы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва шырэй задзейнічаць яго патэнцыял у развіцці сацыяльнай інфраструктуры і фарміраванні  сучаснага  вы-гляду населеных пунктаў, а таксама на павелічэнне спектра аказваемых імі паслуг; разгледзець практыку прыцягнення прадстаўнікоў бізнэсу да ўдзелу ў рабоце органаў мясцовага самакіравання.

Кантроль за выкананнем дадзенага рашэння ўскладзены на пастаяныя камісіі раённага Савета дэпутатаў і намеснікаў старшыні райвыканкама па пытаннях, якія яны курыруюць.

Матэрыял падрыхтавала Марыя ШЭІНА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *