Калi ёсць “Надзея”

Культура

Абслугоўванне маланаселеных і аддаленых вёсак стала прыярытэтным кірункам работы для бібліятэк Капыльскай ЦБС у гэтым годзе. Цікавы ў гэтым напрамку вопыт работы Блеўчыцкай сельскай бібліятэкі.

У мінулым годзе бібліятэка набыла свой новы выгляд, пасля невялікага рамонту ў ёй цёпла, утульна і прыгожа. Тут любяць бавіць свой вольны час дзеці розных узростаў, а для сталых людзей яна з’яўляецца тым месцам, дзе яны могуць сустрэцца разам, пагутарыць пра жыццё-быццё, параіцца. Клуб для сталых людзей “Надзея”, створаны ў бібліятэцы, узнік у выніку гэтых незапланаваных сустрэч. І вось ужо другі год вабіць на свой агеньчык людзей, якія больш не спрабуюць зразумець, як усталявалася жыццё, яны аб ім ужо ўсё ведаюць, больш ні за чым не гоняцца, проста атрымліваюць асалоду ад пладоў сваёй працы. Пасяджэнні клуба для іх цяпер – самыя светлыя хвілінкі ў  жыцці. Апошняе пасяджэнне клуба – дзень маці, які Надзея Кіеня, кіраўнік клуба, арганізавала для жанчын вёскі Мацкевічы. Але вынік работы атрымаўся цудоўным таму, што зацікаўлена ў гэтым была не адна Надзея Міхайлаўна. Сацыяльныя работнікі Таццяна Цівунчык і Соф’я Ісаевіч актыўна падтрымалі бібліятэкара. А ўдзел у мерапрыемстве Івана Нічыпурэнкі, адданага сваёй справе чалавека, выдатнага музыканта і проста шчырага чалавека, для жанчын гэтай невялікай вёсачкі стаў сапраўднай падзеяй. Надзея Пякуцька, жыхарка  вёскі Мацкевічы, гасцінна расчыніла дзверы свайго дома для гэтага свята.

Вядучая Надзея Кіеня не шкадавала цёплых слоў у адрас прысутных, радасна было глядзець у іх добрыя вочы і бачыць цёплыя ўсмешкі на тварах прысутных Веры Сямашкі і Тамары Васілеўскай, Лідзіі Каленчыц і Аляксандры Сямашкі, Алены Сямашкі і многіх іншых. Гучалі вершы Ніла Гілевіча і Еўдакіі Лось, прысвечаныя маці, песні ў выкананні Надзеі Кіені і Таццяны Цівунчык, Івана Нічыпурэнкі.

Галоўная ўзнагарода для арганізатараў свята – удзячныя словы і ўсмешкі прысутных.  Ад  імя  ўсіх удзельнікаў хочацца сказаць шчыры дзякуй арганізатарам мерапрыемства за адданасць працы, за любоў да людзей, за шчырасць і дабрыню. Як кветцы немагчыма жыць без святла і сонца, так і чалавек згасае ў адзіноце. Дзякуй, што ёсць людзі, якія ўмеюць дарыць свята іншым, сеюць добрае і вечнае.

Таццяна Астрэйка,

загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Капыльскай ЦБС

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *