Сюрпрыз ад «Еўрарэспекта»

Образование

Сапраўдным сюрпрызам для работнікаў і выхаванцаў ДУА “Капыльскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр” стаў падарунак ад таварыства з дадатковай адказнасцю “Еўрарэспект”, які яно перадало новай структуры аддзела адукацыі. Камп’ютар (які і быў сюрпрызам) тутжа апрабавалі выхаванцыСПЦ. І трэба сказаць, некаторыя з іх не па чутках ведаюць, як працаваць з гэтай электроннай машынай.

Аляксей Абросімаў і Пётр Барцэвіч (справа) у сацыяльна-педагагічным цэнтры.

“Каля пяці гадоў ТДА “Еўрарэспект” цесна супрацоўнічае з раённым аддзелам адукацыі, — расказвае начальнік РАА Аляксей Абросімаў. — Падбор канфігурацыі абсталявання, якое максімальна адказвае нашым патрабаванням, наладка лакальных сетак, а таксама сэрвіснае абслугоўванне камп’ютарнай тэхнікі — гэта далёка не поўны пералік аказваемых паслуг для навучальных устаноў Капыльшчыны. Таксама кампанія зарэкамендавала сябе на-дзейным партнёрам па аказанні спонсарскай дапамогі нашым дзецям”.

Як адзначыў Аляксей Леанідавіч, гэта ўжо не першы выпадак, калі ТДА “Еўрарэспект”  прэзентуе камп’ютарнае абсталяванне навучальным установам. Ужо ёсць дамоўленасць, згодна з якой тром дзіцячым садам раёна паступіць капіравальная тэхніка, якая дазволіць крыху спрасціць  работу для супрацоўнікаў  дашкольных устаноў.

“Прыярытэтным кірункам у сферы дабрачыннай дзейнасці нашага прадпрыемства з’яўляецца дапамога дзецям, — адзначае супрацоўнік ТДА “Еўрарэспект” Пётр Барцэвіч. — Паколькі Капыльскі раённы аддзел адукацыі — наш пастаянны кліент, мы перыядычна прэзентуем капіравальную, вылічальную і іншую тэхніку. Мяркую, і ў далейшым гэту работу мы будзем працягваць”.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі створана на базе дзіцячага сацыяльнага прытулку, і асновай яго дзейнасці з’яўляецца прафілактыка ранняга сіроцтва шляхам каардынацыі дзеянняў сацыяльна-педагагічных службаў устаноў адукацыі раёна, аказанне сацыяльнай дапамогі непаўналетнім і іх сем’ям. Для гэтага ва ўстанове створаны інфармацыйна-прававая служба, аддзяленне дыягностыкі сацыяльнай дэзадаптацыі і постінтэрнатнай адаптацыі, аддзяленне рэалізацыі праграм сацыяльнай рэабілітацыі і аддзяленне сацыяльнага прытулку, дзе працуе 21 спецыяліст.

У нашым раёне на 1 кастрычніка, паводле базы даных аддзела адукацыі, налічвалася 195 непаўналетніх дзяцей (пяць гадоў таму — 601), што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, звыш 350 лічацца “сацыяльнымі сіротамі”, бацькі якіх пазбаўлены ці абмежаваны ў правах і г. д.

Родная сям’я — гэта асяродак для здаровага развіцця дзіцяці, і яе страта — найцяжэйшая траўма для псіхікі непаўналетніх. Таму папярэдзіць, не дапусціць узнікнення такой сітуацыі — надзвычай актуальная задача, якую неабходна рашаць спецыялістам сацыяльна-педагагічнага цэнтра.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *