Здольныя і эрудзіраваныя

Образование

У перыяд восеньскіх канікулаў праходзіў другі этап рэспубліканскіх прадметных алімпіяд. У іх прынялі ўдзел 394 навучэнцы ўстаноў адукацыі Капыльшчыны, якія паказвалі свае веды па 15 прадметах. Па падрабязнасці мы звярнуліся да спецыяліста аддзела адукацыі райвыканкама Людмілы НАГОРНАЙ.

— Людміла Аляксандраўна, ці была дасягнута пастаўленая мэта?

— Як заўсёды, мэта кожнай алімпіяды — выявіць інтэлектуальна адораных хлопчыкаў і дзяўчынак, каб і надалей працаваць з імі на больш высокі рэзультат. Заданні былі даволі складаныя, разлічаныя на высокую эрудыцыю, начытанасць, веданне правілаў, формул і вывадаў. Па ўмовах алімпіяды пераможцам мог быць вучань, які набраў найбольшую колькасць балаў. Увогуле мы засталіся задаволенымі рэзультатамі спаборніцтва, па яго выніках дыпломамі І і ІІ ступеней будуць узнагароджаны 182 удзельнікі.

— А ці былі сёлета нейкія асаблівасці?

— Так, па жаданні можна было прымаць удзел у спаборніцтве па некалькіх прадметах. І некаторыя хлопчыкі і дзяўчынкі гэту магчымасць удала скарысталі. Напрыклад, не адна перамога на рахунку гімназістаў Лізы Чаркас і Станіслава Цвірко, навучэнцаў СШ № 2 г. Капыля імя Ц. Гартнага Вячаслава Калевіча, Яніны Іўлевай, Рамана Шчэрбы, Веранікі Станкевіч, а таксама Мацвея Капусты і Анжалікі Макарчук з СШ № 3 і Івана Русакевіча з Быстрыцкай СШ.

— Што ўжо можна сказаць пра ўдзел у наступным,  абласным этапе алімпіяды?

— Усяго па выніках раённай прадметнай алімпіяды 42 работы мы накіравалі на разгляд абласной камісіі. Пасля яе пасяджэння і будзе вядома, хто ж прыме ўдзел у наступным этапе. Тым не менш, хачу пажадаць усім нашым здольным вучням трывалых  ведаў,  невычэрпнай эрудыцыі і знаходлівасці ў дасягненні пастаўленай мэты.

Гутарыла

Маргарыта САКОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *