Брэнд “Сузор’е смаку” добра ведаюць не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі

Чалавек і яго справа

Галоўны механік Аляксандр Крэмянчук і майстр маслацэха Таццяна Удовіна

Без сучасных тэхналогій вытворчасць проста не можа існаваць — гэту аксіёму добра разумеюць у ААТ “Капыльскі масласырзавод”. Менавіта таму крок за крокам яно ператваралася ў прадпрыемства, якое мэтанакіравана і дынамічна развіваецца. У выніку брэнд акцыянернага таварыства — гандлёвая марка “Сузор’е смаку” — адзін з найбольш вядомых вытворцаў натуральнай малочнай прадукцыі як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі.

 

Апаратчык Марына Хадаровіч

Шырокамаштабная мадэрнізацыя вытворчасці пачалася фактычна дзесяць гадоў таму, калі быў уведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці тэрмізаваных відаў прадукцыі, а ў 2003-м – цэх натуральнай і натуральнамалочнай прадукцыі. Тады былі ўкаранёныя сучасныя аўтаматы для фасоўкі прадукцыі ў пакеты тыпу «Пюр-Пак», у поліэтыленавыя пакеты. Здавалася, яшчэ зусім нядаўна сапраўдным прарывам для прадпрыемства стала з’яўленне сучаснага імпартнага абсталявання для вытворчасці паў-цвёрдых сычужных сыроў. Гэта дазволіла павялічыць якасць і пашырыць іх асартымент. А ўжо сёння ў арсенале сыраробаў – дзесяць відаў прадукцыі не толькі расійскай, але галандскай і элітнай груп. Візітнай карткай завода сталі паўцвёрдыя сычужныя сыры “Российский новый”, “Российский особый”,  “Белорусское золото”, “Голландский брусковый”, “Голландский Био”, “Пошехонь молодой”, “Сливочный», “Купаловский”.

Апаратчык маслацэха Вера Чаркас

Увогуле завод выпускае больш за 70 найменняў прадукцыі, якая карыстаецца вялікім попытам у спажыўцоў. Гэта масла

слівачнае “Сладкосливочное”, “Крестьянское”, “Любительское”, малако пастэрызаванае (2,5%, 3,0% тлустасці, “Вкусное”, вітамінізаванае “Добрай раніцы”, кісламалочныя прадукты – прадукт кефірны “Биопродукт”, смятана, сыркі дэсертны і плаўлены, тваражкі  для ласуноў, крэм тварожны,  ёгурт пастэрызаваны і шмат іншых.

У 2010 годзе на заводзе засвоены выпуск сухой сыроваткі. У выніку дзякуючы вялікаму попыту  на  гэту прадукцыю павялічылі аб’ёмы вытворчасці, з’явіліся новыя працоўныя месцы, палепшылася экалогія, умацавалася і эканамічнае становішча прадпрыемства. Не дзіўна, што з дастаткова шырокім асартыментам ААТ “Капыльскі масласырзавод” – пастаянны ўдзельнік разнастайных кірмашоў і выстаў як у Беларусі, так і за яе межамі. Сёлета сваю прадукцыю работнікі МСЗ дэманстравалі на 14 такіх форумах, самыя значныя з якіх – “Дажынкі-2011” у г. Маладзечна, выстава-кірмаш у Санкт-Пецярбургу, нацыянальная выстава Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Казахстан.

Дзякуючы якасці і багатай палітры выпускаемай прадукцыі за 9 месяцаў бягучага года аб’ём вытворчасці ў дзеючых цэнах склаў 128 434 млн рублёў, ці 155,6% да ўзроўню мінулага года, экспарт тавараў  – 16749,1 тысячы долараў ЗША (87,7%). Увогуле, па выніках работы за гэты перыяд ААТ “Капыльскі масласырзавод” атрымана выручка ад рэалізацыі ў памеры 133 907 млн рублёў (163,7%), чысты прыбытак – 17 810 млн рублёў (179,5%). Нягледзячы на энергаёмістасць прадпрыемства, яно стабільна выконвае яшчэ адзін немалаважны паказчык – энергазберажэнне (пры прагнозе – 6,5% на 2011 год выкананне склала – 20,9%).

Аператар Алена Масайла ў аддзяленні фасоўкі сыроваткі

Сучасныя тэхналогіі ўкараняюцца і сёння. Гэтымі днямі работнікі завода наладжваюць новае абсталяванне аміячнай кампрэсарнай, што дасць новыя магчымасці для захавання прадукцыі і паляпшэння яе якасці. Будаўнічыя работы на высокім узроўні вядуць тут супрацоўнікі Капыльскага РБУ. У хуткім часе з’явяцца таксама  сучасныя раздзявалкі з памяшканнем для прыёму ежы.

Але ААТ «Капыльскі масласырзавод» акрамя поспехаў у вытворчасці мае і некаторыя праблемы. Адна з іх – недахоп спецыялістаў. На прадпрыемства прыходзіць моладзь пасля атрымання дыпломаў і, адпрацаваўшы неабходны тэрмін, пакідае яго. Асноўная прычына таму – адсутнасць жылля. Адміністрацыя зрабіла крок наперад для вырашэння гэтай праблемы. Ужо заключана пагадненне з КУП “Капыльская ЖКГ” аб рэканструкцыі чатырох кватэр для маладых супрацоўнікаў у інтэрнаце на вул. Замкавай.

На дадзены момант калектыў прадпрыемства працуе над укараненнем сістэмы ISO-22000 (міжнародны стандарт, распрацаваны для харчовай прамысловасці, які ўключае прынцыпы сістэмы кіравання бяспекай харчовых прадуктаў (НАССР). Гэта дасць магчымасць заваёўваць рынак збыту Еўропы.

Алена Бычынская, Наталля Бельмач, Святлана Вярбіла, Таццяна Пяткевіч і Іна Кахановіч з лепшымі відамі сычужных сыроў

Дружны калектыў масласырзавода, які налічвае каля 300 чалавек, сёлета самааддана шчыраваў на родным прадпрыемстве: прадукцыйнасць працы ў параўнанні з 2010 годам склала 142%. Неабходна адзначыць, што работнікі завода ўмеюць не толькі шчыра працаваць, але ў дадатак вядуць актыўны здаровы лад жыцця. Каманда аматараў спорту – пастаянны ўдзельнік раённых спаборніцтваў, спартакіяды, неаднаразовы пераможца і прызёр асобных яе відаў.

За пультам нанафільтрацыі - начальнік цэха сушкі сыроваткі Віталь Злобін

ААТ «Капыльскі масласырзавод» грунтоўна падыходзіць да выпуску сваёй прадукцыі і імкнецца стаць лепшым партнёрам для гандлёвых прадпрыемстваў, надзейным пастаўшчыком, які ўлічвае ўсе пажаданні і патрабаванні кліентаў. Якасць прадукцыі капыльскіх перапрацоўшчыкаў адзначана рознымі ўзнагародамі, дыпломамі, прызамі, але галоўная ўзнагарода – гэта, зразумела, падзяка пакупнікоў.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *