Пастаянны рух наперад

Экономика

Паспяхова завяршаецца сельскагаспадарчы год для ААТ “Семежава” — тут упершыню пераадолелі рубеж у 11 тысяч тон па намалоце збожжа, з кожнага гектара атрымалі па 58,1 цэнтнера хлеба. А гэта лепшы паказчык у нашым раёне.

Іван Лянько

Акрамя таго, як расказаў дырэктар Іван Лянько, парадавала бульба (пры сярэдняй ураджайнасці 253 ц/га накапалі 2525 тон). Добра ўрадзіла кукуруза — нарыхтавалі 23 тыс. тон сіласу і намалацілі больш за 2000 тон на зерне. “З такімі рэзультатамі мы ўпэўнена глядзім наперад, — адзначыў Іван Іванавіч, — і пакрысе рыхтуемся да будучага года. Набываем угнаенні (калійных ужо маем амаль на два гады), ёсць прапрацоўкі па фосфарных і азотных. Займаемся арганікай — ужо ўнеслі пад бульбу і цукровыя буракі, а таксама пад азімыя культуры больш за 30 тысяч тон”.

Рухаецца ААТ “Семежава” наперад і ў напрамку тэхнічнага пераўзбраення. Сёлета набылі новы бульбаўборачны камбайн, купілі бульбасартавальны пункт і аднавілі стары. “Цяпер застанецца толькі пераабсталяваць бульба- сховішча, — усміхаецца кіраўнік, — і бульбай можна будзе займацца без праблем”. З’явіліся ў гаспадарцы шасцімятровы дыскатар і глебапаглыбляльнік, плануюць набыццё прыстаўкі да буракаўборачнага камбайна і апрысквальніка.

Калектыў бухгалтэрыі

Асноўнай крыніцай даходу гаспадаркі з’яўляюцца жывёлагадоўля і птушкагадоўля. За апошнія гады нямала зроблена па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы галіны, і адметна, што работы вядуцца толькі ўласнымі сіламі, для чаго створана ў гаспадарцы свая будаўнічая брыгада.

Калектыў гаспадаркі працуе стабільна. І кіраўніцтва імкнецца ісці насустрач сваім працаўнікам. “Сёння мы выдаём усім работнікам сельгаспрадпрыемства і нашым ветэранам збожжа, — працягвае расказ Іван Іванавіч. — Нехта атрымлівае частку яго бясплатна, іншыя плацяць у касу па 450 рублёў за кілаграм. У гэтым месяцы паднялі расцэнкі пэўным катэгорыям працаўнікоў, будуць пераглядацца зарплаты і астатніх работнікаў”.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *