На кукурузе — мяса прырастае

Актуально Экономика

Адным з лідараў па вырошчванні кукурузы ў раёне з’яўляецца адкрытае акцыянернае таварыства “Капыльскае”. Сёлета ў гаспадарцы яна займала 2094 гектары. Добры ўраджай гэтай важнай сельскагаспадарчай культуры стаў выдатнай дапамогай у вырошчванні свіней і буйной рагатай жывёлы, якіх у сельгаспрадпрыемстве на дадзены момант утрымліваецца, адпаведна, 33 600 і 3500 галоў.

Аператары Людміла Дзічкоўская і Тамара Сянюк

“Разлікі на кукурузу сёння апраўдаліся, – расказвае намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Галіна Яроцкая. – З занятых пад яе плошчаў больш за палову было ўбрана на сілас, сёлета яго назапашана 15 тысяч тон. Добрая ўраджайнасць была і пры ўборцы кукурузы на зерне: з 1000 га атрымана ў сярэднім па 87,3 цэнтнера на круг. Вал склаў 8731 тону.  У цэлым гэта культура дазволіла мець паўтарагадовы запас кармоў. Акрамя таго, закладзена 15 540 тон сенажу і 4133 тоны сена. Фактычна на адну ўмоўную галаву мы маем 24,4 ц кармавых адзінак”.

Добрая кармавая база, добрасумленныя адносіны да справы заўсёды прыносяць выдатны вынік. Доказам гэтаму – ферма па адкорме бычкоў “Доўгае”, якая на Капыльшчыне ў гэтым годзе ўпэўнена трымаецца ў лідарах па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. У аператараў Аркадзія Казлова і Андрэя Дамалаза ёсць, відаць, свае сакрэты. І, бясспрэчна, адзін з іх – кукуруза, на якой бычкі растуць як на дражджах. Па выніках работы за 9 месяцаў штодзённыя прывагі жывёлы на ферме склалі 1260 грамаў, што амаль на 350 г больш, чым за гэты ж перыяд мінулага года.

Як самы буйны вытворца свініны ў раёне, ААТ “Капыльскае” асноўную стаўку на “каралеву палёў” робіць невыпадкова.  Яе ўдзельная вага ўвогуле ў скла-дзе канцэнтратаў можа даходзіць да 60-70%. Асабліва добрыя вынікі атрымліваюць пры скормліванні кукурузы з кармамі, багатымі бялком, зялёнай масай ці сеннай мукой бабовых траў, са збожжабабовымі і макухай.

Андрэй Дамалаз, Галіна Русаковіч (загадчыца фермы «Доўгае») і Аркадзь Казлоў

“Наш комплекс лічыцца закончаным цыклам вытворчасці, пачынаючы ад асемянення і заканчваючы адкормам, – тлумачыць галоўны тэхнолаг свінакомплексу ААТ “Капыльскае” Людміла Мастовіч. – Для больш прадуктыўнай работы на свінакомплексе таксама пачалі займацца вырошчваннем мясных і мяса-беконных парод, такіх, як дзюрок, ёркшыр, ландрас. Часта даводзілася бываць на разнастайных канферэнцыях і ў Беларусі, і за мяжой, нарадах па пытаннях кармлення кукурузай. Таму ўжо ў сябе на вытворчасці асноўную стаўку зрабілі на кукурузу і фактычна з пачатку яе ўборкі ў рацыён свіней, у залежнасці ад узросту, уводзім да 50% гэтай пажыўнай культуры”.

Вынікі не прымусілі доўга чакаць: адразу значна палепшылася паяданне корму, дзе было большае ўтрыманне кукурузы. Сярэднясутачныя прывагі на адкорме сталі дасягаць да 550 грамаў.

Таму яшчэ адзін аспект – нарыхтоўка камбікармоў. Гэту немалаважную задачу выконвае ўласны цэх. Яго вытворчая магутнасць дазваляе вырабляць рассыпныя і экструдзіраваныя (такія кармы атрымліваюць для маладняку шляхам высокатэмпературнай апрацоўкі зерня) камбікармы пад поўную патрэбу для жывёлы, што ўтрымліваецца ў гаспадарцы.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *