В ОАО “Скабин” работают с душой

Экономика

Выканала і перавыканала больш чым на 10 % планавае заданне па ворыве глебы адкрытае акцыянернае таварыства “Скабін”. Тым самым закладзена добрая аснова для ўраджаю будучага года.

Механізатар Ігар Рай

На палетку ля вёскі Астравок, дзе сёлета вырошчваліся цукровыя буракі, кіпела работа. “Каб хутчэй справіцца з заданнем, мы штодня выпускалі на палі 4-6 трактароў, — расказвае аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Коршук. — На гэтым, відаць па ўсім, работу завершым. Сёння ў нас на ворыве задзейнічаны тры трактары: Ігар Рай і Іван Лук’яновіч працуюць ля Астраўка і Віктар Карпук — у Скабіне”.

Ігар Рай, з якім адбылася кароткая размова, родам з Вялікай Раёўкі, прафесію механізатара набыў у Капыльскім СПЛ. Прынятае на сямейным савеце рашэнне аб пераездзе ў Скабін цалкам апраўдала сябе. Тут іх сустрэлі гасцінна, прапанавалі маладой сям’і дом. Абзавяліся Раі гаспадаркай: трымаюць свіней, курэй. Ігару выдзелілі трактар, праўда, спачатку старэнькі. Праз нейкі час кіраў-ніцтва гаспадаркі, прыгледзеўшыся да маладога механізатара і зразумеўшы, што ён вельмі адказна адносіцца да сваёй справы, даверыла сучасны “Беларус-3022”. Яго жонка пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску заняла ў ААТ “Скабін” пасаду заатэхніка-селекцыянера. Падраслі дзеткі: сын ужо пайшоў у другі клас, чатырохгадовая дачушка наведвае дзіцячы садзік. На маё пытанне, ці не шкадуе, што звязаў свой лёс з вёскай, Ігар не задумваючыся адказаў: “Не шкадую. Можа, толькі калі-нікалі закрадзецца думка, што мае гарадскія равеснікі працуюць не так многа, як я. Аднак сваё жыццё я выбіраў сам, мне яго і пражываць. Лічу, што ўсё ў мяне добра: ёсць цудоўная сям’я, дастатак у доме, любімая работа”.

У апошнюю пасяўную Ігар, паводле слоў Аляксандра Коршука, пасеяў практычна ўсе азімыя і рапс. “У мяне наогул любімая пара года — гэта восень, — працягвае дзяліцца думкамі механізатар. — Таму і працуецца з ахвотай. Не так горача, падганяюць думкі пра хуткі водпуск, у які, як і пераважная большасць трактарыстаў, іду звычайна зімой. Да таго ж грэе душу ўсведамленне нейкай закончанасці: хлеб пасеялі, убралі, падрыхтавалі аснову для будучага ўраджаю.”

…Некалькі хвілін доўжылася наша гутарка, і зноў чырвоны “Беларус” рушыў наперад. “Ці ёсць якія-небудзь заўвагі да працы механізатара і арганізацыі ворыўных работ наогул у гаспадарцы?” — пытаюся ў галоўнага агранома ўпраўлення райсельгасхарчу Андрэя Цвіркі.  “Аніякіх, — чую ў адказ. — Тэхналогія выконваецца, тэхніка адрэгулявана, працуюць з настроем. Да таго ж імкнуцца, каб палеткі мелі прывабны выгляд.” Пасля гэтых слоў успомнілася карціна, якую мы назіралі, пад’яз-джаючы да Скабіна. Насупраць мехмайстэрняў старанна працаваў, як пазней мы даведаліся, Віктар Карпук. Яго работу можна назваць сапраўды філіграннай, паколькі на невялікім участку зямлі, размешчаным уздоўж дарогі, ідзе лінія электраперадачы, а адпаведна — укапана мноства слупоў, якія неабходна абворваць, каб мець падставу гаварыць аб сапраўднай культуры земляробства.

Маргарыта САКОВІЧ

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *