ПIСАЛА «Наша нiва»(1909 г.)

Галоўныя падзеі

10 верасня, №37

М. Капыль, Мінск. Губ. Слуцк. Пав. Наша м. Капыль лічыцца адным з байчэйшых гандлёвых мястэчак не толькі адной Мінскай губерні, а і ўсяе Беларусі. Ад даўніх часоў у ім кожны год бываюць два кірмашы: вясенні і асенні. На гэтыя кірмашы збіраецца шмат народу – крыху свайго павету і многа з суседніх. Галоўны гандаль вядзецца жывёлай: рагатым таварам і коньмі. Увосень прыязджаюць мінскія купцы і скупляюць добра адпасеных валоў, наймаюць паганячоў і гоняць тавар да Мінску. Таксама стаўпецкія гандляры (з м. Стоўбцы) прыязджаюць і скупляюць каровы. Вясною ж гандаль ідзе байчэй коньмі: апроч таго, што імі запасаюцца канюхі, яшчэ кожны селянін, каторы на зіму прадаў каня (а ў нас так робяць бадай усе капыляне), стараецца прыдбаць сабе “таварыша-супрацоўніка”. Апроч гандлю жывёлай, на торжышча ў Капыль вясковыя людзі прывозяць шмат лык, абодзяў, барон і збожжа. Кабеты наносяць кросны, талькі, яйкі і т. д. І трапляюцца такія бойкія торжышча, калі капіталу варочаецца на сотні тысяч рублёў. Ды яшчэ штогод на Уласа (масляніцай) ідзе гандаль “бёрдамі”, абразамі, цэбрамі, санямі, лыжкамі і верацёнамі, навезенымі ў Капыль аж з Расейскіх губерняў.

Капылянін

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *