Успамін грэе душу

Галоўныя падзеі

Мне часта ўспамiнаецца адзiн незвычайны выпадак з маленства. Было гэта ў Садавічах Капыльскага раёна. Мацi некуды пайшла, бабуля сядзела на печы i вязала, а я, маленькi сумны валацужка, блукаў па хаце — з кутка ў куток. Нарэшце абрыдла.

— Баб, — пацягнуўся я да бабкi, — раскажы казку, толькi цiкавую.

— Лезь на печку, раскажу.

Я залез, i тут дзесьцi зусiм побач пачулася: «Цiў-цiў-цiў». Мы прыслухалiся: што ж такое? Бабуля адклала вязанне, паправiла акуляры i не зусiм ўпэўнена сказала:

— Верабей заляцеў у комiн, цi што?

Перадала мне клубок, злезла з печы, каб з прыпека глянуць, што робiцца ў печы i комiне. Я ўзяў клубок — i ад нечаканасцi ледзь не звалiўся. «Цiў-цiў-цiў»,— пiшчала прама ў мяне ў руках.

— Бабуля! — закрычаў я. — Клубок пiшчыць. Ён жывы…

Бабка перастала гортаць у печы, сярдзiта павярнулася да мяне:

— Што ты, гарэза, жартаваць са старой уздумаў?

— Цiў-цiў-цiў! — адказаў ёй клубок.

Хуценька пачалi мы разблытваць з яго нiткi i ўбачылi… спачатку расколатае шкарлупiнне, а потым — маленькае жоўценькае куранятка. Пяшчотнае, як сонейка.

— Ах, бацюхны мае! — усклiкнула бабуля i чамусьцi пачала апраўдвацца:

— Гэта ж я тры тыднi таму скончыла давязваць шкарпэтку, а нiткi засталiся i нiчога не было, каб наматаць iх. Гляджу на стале курынае яйка ляжыць, яго i ўзяла. А яно, бач ты, сагрэлася ў воўне i куранятка нарадзiлася! (Так i сказала, а не «вывелася»: бабуля ўсiх лiчыла Божымi стварэннямi)…

Даўно гэта было. Шмат гадоў ужо, як прыняла зямля сонейка майго сэрца — бабулю Таццяну Васiльеўну Карнялюк. Але i сёння ўспамiн аб ёй, аб тым жоўценькiм куранятку нястомным цяплом грэе душу…

Канстанцін  КАРНЯЛЮК,

краязнаўца, г. Віцебск

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *