Ракіні

Галоўныя падзеі

Пачынаючы з даўніх часоў людзі шмат увагі надавалі лесу, абагаўлялі яго і паасобныя пароды дрэў. Лес быў асновай жыцця і працы нашых далёкіх продкаў. Амаль усё тады рабілася з дрэва ці з таго, што расло ў лесе: рабілі будыніны і прылады працы, лодкі і чаўны. Нашы продкі кожнаму дрэву прыпісвалі асобныя ўласцівасці. 3 дрэвамі звязана многа павер’яў. Напрыклад, калі нараджалася ў хаце дачка, то гаспадар саджаў пад акном рабіну. А калі на дрэве ўпершыню з’яўлялася шмат чырвона-агністых ягадак, гэта азначала, што дзяўчына на выданні. Рабіна можа незаўважна і нячутна для людзей лячыць іх, пазбаўляць ад усялякіх злых праклёнаў і чорных позіркаў, паляпшаць жыццё. Такое дрэва нельга ні ў якім разе ні секчы, ні ламаць.

У нашых мясцінах, як адзначалі продкі, найбольш раслі ракіта і дуб. Цяпер дубоў амаль не засталося, асабліва старых, таўшчэразных, якія стаялі ў далёкія часы. Многае на гэта паўплывала: войны, пажары, маразы, але галоўным чынам — сам чалавек. Ракіту ж да апошняга часу амаль не чапалі.

Ракіта і не гнуткая, і крохкая надзвычай, толькі возьмешся — і трэснула ў руках. Затое разрасталася вельмі імкліва. Спачувалі таму гаспадару, да якога ў надзел гэтая брыдота ўбівалася. Старыя людзі казалі, быццам назву вёсцы Ракіні менавіта ракіта дала. Пра гэта і паданне склалі:

«Быў у мясцовага памешчыка адзін парабак. Не дужа каб сумленны, але загады выконваў. Скажуць зрабіць тое, ён тое і зробіць, а на астатняе і не гляне. Неяк надвячоркам сядзеў памешчык у садзе і паважна пацягваў гарбату. Пані з пакаёўкамі ў лес пайшла па ягады. Гаспадару ж даверылі за маленькім сынам наглядаць. Праз некаторы час памешчык занепакоіўся, бо не заўважыў у садзе хлопчыка. Паклікаў да сябе парабка і загадаў яму знайсці малога. Пабег Хведар (так звалі парабка) на бераг ракі, зірнуў туды-сюды і бачыць — паніч ужо па шыю ў вадзе стаіць. Паімчаў тады парабак назад да пана. Прыбягае, а памешчык ужо і месца сабе не знаходзіць. А Хведар крычыць здалёку, што яго сыночак па шыю ў вадзе стаіць, а дадому ён яго не прывёў, бо яму не гаварылі. Але пан ужо не слухаў далейшых тлумачэнняў, а ляцеў на бераг. Выхапіў памешчык сына з вады і на бераг хутчэй выляцеў.

Вось з таго разу і зразумеў памешчык, які страшны чалавек яго парабак. Ён жа можа і без усялякага намеру такое зло ўчыніць, якое потым нічым не выправіш. Адправіў яго з двара і сказаў нібыта пры гэтым:

— Зла я на цябе, Хведар, ніякага не трымаю, таму і зямлёю надзяляю. Якою — я ўжо не вінаваты.

Надзяліў ён Хведара зямлёю якраз у той мясціне, дзе сёння вёска Ракіні размешчана. Ракіты тут было шмат. Не адзін год, не адну вясну і восень высякаў і выкарчоўваў Хведар ракіты».

Адтуль потым людзі і паселішча назвалі ды крыху перайначылі на свой лад — Ракіні.

А што тычыцца сапраўднай гісторыі паселішча, то ўзнікла яно прыкладна ў 18 ст. пад назвай Ракітна і ўваходзіла ў склад Навагрудскага павета. У 1795 г. тут было толькі 2 жыхары мужчынскага полу. На пачатку XIX ст. уласнасць Радзівілаў. Да 1917 г. склаўся хутар, які ўжо налічваў 29 двароў і 201 жыхара. У 1921 г. была адкрыта школа 1-й ступені. На пачатку 1920-х г. склалася в.Ракіні. 3 1938 г. — вёска ў складзе Мінскай вобласці, а з 1959 г. увайшла ў склад Капыльскага раёна.

Таццяна ВАРАНЦОВА,

старшы навуковы супрацоўнік ДУ «Капыльскі раённы краязнаўчы музей»

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *