На Копыльщине прошел районный субботник

Актуально Жыццё раёна

Раённы суботнік адбыўся на Капыльшчыне 24 кастрычніка. Удзел у ім прыняла пераважная большасць прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Адны працавалі на добраўпарадкаванні сваёй ці замацаванай тэрыторыі, сацыяльна значных аб’ектаў, нехта выехаў у сельгаспрадпрыемствы на ўборку капусты і пераборку бульбы. Вынікі агульнай працы адчувальныя: больш чыстымі і, адпаведна, больш прывабнымі сталі наш горад і сельскія населеныя пункты, гаспадаркі раёна атрымалі памагатых для завяршэння важных сельскагаспадарчых работ, а сродкі, зароблены падчас суботніка, будуць накіраваны на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнага стану цэнтральнай раённай бальніцы.

У Цімкавіцкім сельвыканкаме, як заўсёды, да арганізацыі суботніка падышлі вельмі грунтоўна. Як расказала старшыня сельвыканкама Алена Острыкава, быў вызначаны фронт работ, створана некалькі мабільных груп з ліку прадстаўнікоў сацыяльнай сферы. З прапановай прыняць удзел у суботніку звярнуліся і да вяскоўцаў. За дзень было зроблена нямала. Так, прастаўнікі аўтапарка  №  21,  мясцовай адзінаццацігодкі, участковай бальніцы і лесагадавальніка агароджвалі могілкі, работнікі сельскага Дома культуры, музея, бібліятэкі працавалі на добраўпарадкаванні пустуючых сядзіб.

Вялікі аб’ём работы выканаў калектыў Цімкавіцкай СШ. Паводле слоў намесніка дырэктара Вольгі Чыгір, удзел у суботніку прынялі звыш 70 школьнікаў (вучні 8—11 класаў), педагагічны калектыў і тэхработнікі. Яны прыбіралі тэрыторыю вакол школы, сквер, працавалі на сядзібе інваліда Вялікай Айчыннай вайны Кузьмы Місевіча.

Кузьма Савельевіч, які ні на крок не адыходзіў ад сваіх памагатых, быў крыху разгублены ад такой увагі да сябе, але ахвотна пагадзіўся, што на чыстай, прыбранай стараннымі дзіцячымі рукамі сядзібе і зімаваць весялей будзе.

Старанна шчыравалі работнікі аддзялення паштовай сувязі на добраўпарадкаванні помніка, які ўзведзены ў гонар жыхароў Цімкавіцкага сельсавета, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Супрацоўнікі дзіцячага ясляў-сада прыводзілі ў парадак сваю тэрыторыю: зграбалі апалае лісце, фарбавалі агароджу. Не застаўся па-за ўвагай і парк, што разбіты ў новым мікрараёне. Менавіта гэты ўчастак работы ўзялі на сябе супрацоўнікі сельвыканкама, участковай бальніцы. Яны прыводзілі ў парадак клумбы, высаджвалі там шматгадовыя кветкі, каб на наступны год яны радавалі сваім цвіценнем усіх вяскоўцаў.

“Толькі суботнікам работы па прывядзенні ў парадак тэрыторыі нашага сельсавета не абмяжуюцца, — запэўніла Алена Острыкава. — Мы будзем прыбіраць і далей, паколькі лісце з дрэў яшчэ не апала, зноў звернемся з просьбай навесці парадак ля сваіх сядзіб да вяскоўцаў. Зробім усё, каб зіму сустрэць у чысціні і парадку”.

Маргарыта САКОВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: 1. Работнікі масласырзавода на пераборцы бульбы ў ААТ «Прагрэс-2010»; 2. На сядзібе ў інваліда Вялікай Айчыннай вайны К.С. Місевіча — школьнікі і старшыня сельсавета А. М. Острыкава; 3 Добраўпарадкаваннем кветніка займаецца Галіна Чупрыяноўская; 4. Пустуючыя сядзібы таксама патрабуюць увагі; 5. На ўборцы сквера.

Фота аўтара

Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА і Маргарыты САКОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *