Капуста на дзiва

Экономика

вырасла на палетках Мінскага абласнога ўнітарнага прадпрыемства “Доктаравічы”

У МАУП “Доктаравічы” поўным ходам ідзе ўборка капусты. Яна сёлета вельмі парадавала земляробаў: з 58 гектараў плануюць атрымаць звыш 700 тон таварнай прадукцыі.

Крыху больш за 100 гектараў адведзена ў раёне пад агароднінныя культуры, убраны яны амаль на 55 % плошчаў. Вырошчваннем капусты, цыбулі, сталовых буракоў, морквы займаюцца шэсць сельгаспрадпрыемстваў.

На палетках МАУП “Доктаравічы” шчыруюць як работнікі сельгаспрадпрыемства, так і староннія рабочыя, якія прыехалі са Століншчыны. Не адказваюцца выйсці на палі і работнікі ўстаноў сацыяльнай сферы, размешчаных на тэрыторыі гаспадаркі. Акрамя таго, добрую падтрымку аказваюць гараджане — штодня больш за 20 чалавек з ліку супрацоўнікаў арганізацый, прад-прыемстваў і службаў Капыля накіроўваюцца на дапамогу вяскоўцам.

Тугія качаны храбусткой капусты, многія з якіх жанчыне і падняць не па сілах, зразаюць нажамі альбо ссякаюць сякерамі і кідаюць на кузавы машын. Гружаныя да верху аўтамабілі накіроўваюцца на ток, дзе агародніну закладваюць на часовае захоўванне.

Як расказаў дырэктар МАУП “Доктаравічы” Уладзімір Дземянкоў, у гаспадарцы маецца агароднінасховішча ёмістасцю 700 тон. Туды пакладзена бульба, у тым ліку на насенне, цыбуля і іншая агародніна. Для капусты застаецца аб’ём не больш за 120 тон. Таму асноўная задача, якая цяпер стаіць перад аграрыямі, — тэрмінова рэалізаваць вырашчаны ўраджай. Заключаюцца дагаворы з гандлёвымі аргнізацыямі, капусту прапануюць пакупнікам на кірмашах, забяспечваюць ёю за сімвалічную плату, як, дарэчы і іншай агароднінай, установы адукацыі і аховы здароўя раёна.

Падчас размовы з галоўным аграномам прадпрыемства Рыгорам Загорцавым захацелася даведацца, як жа ўдалося дабіцца такой высокай ураджайнасці. “Сёлета мы 18 га, адве-дзеных пад капусту, пасеялі безрасадным спосабам — сеялкамі, — расказаў Рыгор Іванавіч. — На астатніх 10 га прымянялі пасадачную машыну, для чаго на 1,5 га была вырашчана расада. Зрабілі хімпраполку, двойчы расліны падкармілі. Давялося прыбягаць і да ручной працы — накіроўвалі людзей на праполку. Словам, рабілі ўсё, каб мець добры вынік”.

Маргарыта САКОВІЧ

На здымку: 1. Ідзе ўборка капусты; 2. Капуста закладваецца на часовае захоўванне.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *