«Дзякуй табе, родная!»

Праздник

— менавіта пад такой назвай прайшоў у памяшканні Цімкавіцкага сельвыканкама святочны агеньчык, прысвечаны самаму блізкаму і дарагому чалавеку — маці.

На яго былі запрошаны шматдзетныя матулі, а таксама тыя, што прынялі ў свае сем’і пакінутых дзетак або ўсынавілі хлопчыкаў і дзяўчынак. Сярод запрошаных былі матулі — кіраўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, якія размешчаны на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета, і маладыя мамы, якія ў гэтым годзе ўпершыню пазналі шчасце мацярынства. Статус маладой маці ў бягучым годзе атрымалі 9 жанчын. «Пазнаць шчасце мацярынства, адчуць, што гэты маленькі чалавечак і ты — адзінае цэлае, і гэта найвялікшая радасць», — гучыць з вуснаў маладой мамы Юліі Гурыновіч.

Наступная старонка свята прысвечана шматдзетным матулям, якія адважыліся на такі сур’ёзны крок у жыцці з-за бязмежнай любові да дзяцей. Словы віншавання ўсім матулям гучалі з вуснаў дырэктара дзяржаўнай установы «Капыльскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Святланы Маліноўскай. Яна зычыла ўсім матулям моцнага здароўя, мацярынскай любові і шчасця. Святлана Станіславаўна ўручыла шматдзетным мамам падарункі ад установы. Наступным ішло віншаванне   прыёмным сем’ям, якія адчынілі свае сэрцы для зусім чужых дзяцей і замянілі ім маці.

Свята маці адзначаецца ў дзень Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Напэўна, невыпадкова. Як Божая маці сваім пакрывалам імкнецца абараніць усіх ад бед і няшчасцяў, так і кожная маці аддае ўсю сябе сваім дзецям, дорыць ім частачку свайго сэрца і душы. Нагадваецца старадаўняя легенда пра юнака, які па загадзе няўмольнай і хцівай каханкі прынёс ёй у ахвяру матчына сэрца. Ён кінуў яго ў агонь, і калі вугалёк апаліў твар хлопца, устрапянулася мацярынскае сэрца і ласкава сказала: «Табе баліць, сынок? Вазьмі лісцік трыпутніку, прыкладзі  да раны, а зверху сэрца мацярынскае прылажы — і табе лягчэй стане. Пасля ў касцёр кінеш».

Так, маці гатова дзеля сваіх дзяцей аддаць жыццё, калі гэта патрабуецца. А мы іншы раз крыўдзім іх ні за што, забываем пра іх. I ўспамінаем толькі тады, калі становіцца ўжо позна. Мы ў вечным, неаплатным даўгу перад матулямі, чыя любоў ідзе з намі па жыцці.

На працягу ўсяго свята ў гонар нашых дарагіх жанчын гучалі песні ў выкананні ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Цімкавіцкага СДК і вучняў Цімкавіцкай сярэдняй школы імя Кузьмы Чорнага.

Свята закончылася, і хочацца пажадаць усім дзецям: спяшайцеся да сваіх матуль і, пакупь не позна, скажыце: «Дзякуй табе, родная, за любоў і пяшчоту, што дорыш, не патрабуючы нічога ўзамен».

У рамках Тыдня маці ва ўстанове адукацыі «Цімкавіцкая сярэдняя школа імя Кузьмы Чорнага» адбылося пасяджэнне клуба «Сям’я», удзельнікамі якога была высаджана алея мацярынскай славы ў парку адпачынку.

Алена Острыкава,

старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *